Першы Радзівілаўскі баль. Брава! (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

7 сакавіка, напярэдадні Дня жанчын, у Дзятлаве адбыўся першы Радзівілаўскі баль.

Праходзіла мерапрыемства ў Цэнтры культуры і народнай творчасці. Тыя, хто вырашылі правесці суботні вечар на балі, не пашкадавалі аб гэтым і ацанілі мерапрыемства самым важкім словам: брава!

Пра тое, каб Радзівілаўскі баль адбыўся, парупіліся многія. Намаганні кіраўніка аматарскага аб’яднання “Эпатажны блюз” Анатоля Кардаша з Наваельні і яго надзейных сяброў, клопаты работнікаў Цэнтра культуры, і найперш Марыны Шаўчук і Аляксандра Раеўскага, ініцыятыўнасць супрацоўніка Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алены Абрамчык, спонсарская падтрымка райкама прафсаюза работнікаў АПК і індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Князева далі свой плён: вечар атрымаўся па-хатняму цёплым, прыемным, нясумным, пазнавальным, багатым на ўражанні, сюрпрызы і падарункі.

Як і належыць, на такім мерапрыемстве было шмат танцаў. А распачаўся Радзівілаўскі баль паланэзам. Гэта даўняя традыцыя: праз шэсце пад музыку паказаць сябе, манеры, сваю высакароднасць. Паланэзам звычайна і завяршаецца баль.

Танцмейстар балю Анатоль Кардаш строга прытрымліваўся чарговасці: першым аб’явіў паланэз. Надалей прадоўжыў танцавальную частку балю кароль усіх вальсаў – венскі вальс. Пад цудоўную музыку кружыліся ў вальсе пары – і сталыя людзі, і маладыя.

У жанчын – сукенкі да полу, у мужчын – строгія касцюмы. Усе захавалі належны балю дрэс-код. Гэта было прыгожа, святочна, вабна. Менавіта на такі баль жанчыны мелі магчымасць апрануць свае прыгожыя сукенкі, зрабіць прычоскі, макіяж, уволю натанцавацца і адпачыць ад розных турботаў.

Як расказала мне дзятлаўчанка Аксана Жыбко, такі сакавіцкі падарунак – пабыць на Радзівілаўскім балі — ёй зрабіў муж Вячаслаў. Ён падтрымаў жончына жаданне навучыцца танцаваць, бо сам у студэнцкія гады займаўся бальнымі танцамі. Сямейная пара хадзіла на рэпетыцыі, якія ў Дзятлаўскім цэнтры культуры праводзіў Анатоль Кардаш. Нават некалькі разоў Вячаслаў і Аксана ездзілі ў Наваельню браць урокі танцаў. І забягаючы наперад зазначу, што сям’я Жыбко па завяршэнні танцаў была прызнана самай лепшай парай балю. Ім дастаўся галоўны прыз – карціна з выявай радзівілаўскага палаца, намаляваная Анатолем Кардашом.

А прысутныя на балі мелі магчымасць удасканаліць сваё танцавальнае майстэрства, паколькі танцмейстар не толькі аб’яўляў танцы, але і даваў тлумачэнні, паказваў танцавальныя фігуры. Вось, да прыкладу, танец конскі банль ведалі не ўсе. Аказваецца, гэты танец пайшоў па свеце з Францыі. Узнік у 16-м стагоддзі. Назву меў такую незвычайную, паколькі трэба некалькі разоў тупаць нагой, нібы капытам. Асвоілі хутка і станцавалі някепска.

Дарэчы, многія лічаць, што танец полька паходзіць з Польшчы. Але гэта не так. Родам ён з Чэхіі. Паводле легенды, вясковая дзяўчына, слухаючы чэшскую народную песню, прыдумала тыя скокі, якія ёсць у польцы. Папулярнасць гэтага танца была незвычайная: ён пакарыў палову Еўропы. Як ні стараліся не пусціць яго на высокасвецкія балі, паколькі паходжанне было народнае, полька заваёўвала ўсё больш і больш прыхільнікаў. На Радзівілаўскім балі гэты жвавы танец аб’яўлялі неаднойчы і танцавалі яго вельмі ахвотна. Ды і на іншыя танцы пары выходзілі з задавальненнем: на падыспань, катэльён, факстрот, разнастайныя вальсы і нават сіртакі.

Адпачынак паміж танцамі быў запоўнены музыкай, рамансамі, вершамі. Скрыпачка Алена Кашко і піяністка Наталля Клімец выканалі некалькі музычных кампазіцый.

Спявачка Тамара Ступак прапанавала паслухаць рамансы “Аве Марыя” і “Белай акацыі гронкі душыстыя”.

Свае вершы чытала старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык. Яна ж правяла інтэлектуальную віктарыну на веданне гісторыі Дзятлаўшчыны. Прыемна, што даўніной цікавіцца моладзь, бо сярод пераможцаў – Дар’я Кружко. А заслужанай узнагародай былі гістарычныя кнігі, якія ў якасці спонсарскай падтрымкі прадаставіў мясцовы музей.

—Мы шмат даведаліся новага пра Дзятлава, — падзялілася ўражаннямі мінчанка Валянціна Ранцэвіч. – Прыехалі на баль загадзя, таму была магчымасць паглядзець горад. Будзем рады наведацца яшчэ, калі Радзівілаўскі баль стане традыцыйным.

Варта зазначыць, што сям’я Ранцэвічаў наведвае мінскі танцавальны клуб, створаны для пенсіянераў. Валерый і Валянціна былі ўжо шэсць разоў на балях у Мірскім замку, дзесяць – у тэатры оперы і балета, а таксама на адным балі на сядзібе Агінскіх у Залессі, што на Смаргоншчыне.

Бальны вопыт у сям’і Ранцэвічаў вялікі, таму не дзіва, што Валянціна і Валерый былі прызнаны парай, якая найпрыгажэй апранута на Радзівілаўскім балі.

Самай любімай забавай на балях з’яўляецца гульня ў фанты. Вядучыя мерапрыемства Марына Шаўчук і Аляксандр Раеўскі прапанавалі ўдзельнікам балю самыя разнастайныя вясёлыя заданні.

Зоркамі гульні сталі госці са сталіцы Аляксандр і Наталля Гарбуновы. Сваё фант-заданне – станцаваць са швабрай — Наташа выканала віртуозна. А потым, трымаючы жонку на руках, танцаваў Аляксандр. Напрыканцы балю Гарбуновы былі прызнаны лепшай танцавальнай парай.

—Мы атрымалі задавальненне ад сённяшняга балю, — падзялілася ўражаннямі Наталля. – Весяліліся, частаваліся шампанскім, слухалі цудоўную музыку. І вельмі ўдзячны за запрашэнне на гэты баль. Чатыры гадзіны праляцелі так непрыкметна! Нам спадабалася ўсё! Дзякуем за прыемны вечар! Спадзяёмся на новыя сустрэчы!

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: