Першая вясновая сяўба маладога агранома (+відэа)

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Уладзімір Карыба працуе ў КСУП “Хвінявічы” менш за год.

У 2019-м ён закончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Мінулай восенню для маладога галоўнага агранома гаспадаркі была першай азімая сяўба, а сёлета – першая вясновая.

З такой адметнай падзеяй павіншаваў маладога спецыяліста сельскай гаспадаркі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Ён пажадаў, каб поле аддзячыла маладому аграному шчодрым ураджаем, каб надоўга і ўпэўнена ён замацаваўся ў Хвінявічах.

Як расказаў Уладзімір Карыба, пад яравую сяўбу адведзены ў гаспадарцы 1100 гектараў. Зерневымі культурамі будуць заняты 420 гектараў і каля 80 працэнтаў гэтай плошчы ўжо засеяны.

Па словах маладога агранома, тэхніка, паліва, насенне, мінеральныя ўгнаенні ёсць. А ў памочніках – пяць чалавек агранамічнай службы.

На ўнясенні мінеральных угнаенняў, на сяўбе заняты вопытныя механізатары. Сярод лепшых працаўнікоў – Анатоль Лаўнік.

Калі мы прыехалі на палетак, Анатоль Браніслававіч ва ўрочышчы “Хвінявіцкае возера” сеяў ячмень. Прыпыніўся механізатар, ненадоўга пакінуў кабіну свайго МТЗ 2522, каб прыняць падарунак і падзяку ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміра Казака.

Гэтаму стараннаму працаўніку ўзнагароды ўручаюцца не ўпершыню: вясной Анатоль Лаўнік – на сяўбе, летам – на жніве, восенню – на ворыве. Каля 40 гадоў мае ён механізатарскага стажу, і заўсёды сярод лепшых.

А вось у Валерыя Кашчыка  механізатарскі стаж яшчэ невялікі – тры гады. Але, па словах галоўнага агранома, працаўнік Валерый старанны. Цяпер ён заняты на ўнясенні мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу. Яму, як перадавіку на гэтым участку работы, Уладзімір Казак уручыў падарунак.

Лідар прафсаюза аграрыяў таксама пацікавіўся, як забяспечаны працаўнікі сродкамі аховы, паколькі цяпер працуюць з мінеральнымі ўгнаеннямі.

Удзячна адгукаўся галоўны аграном і пра іншых працаўнікоў, якія заняты ўнясеннем угнаенняў пад будучы ўраджай, – агранома-аграхіміка Артура Хартановіча, механізатараў Юрыя Васько, Аляксандра Марука.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup