Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Георгій Янісон. Аб чым іграў губны гармонік

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Аднойчы мой цесць Георгій Андрэевіч Янісон, вельмі сціплы і негаваркі чалавек, расказаў, як яму цудам удалося застацца жывым у самым канцы вайны.

Тры машыны іх аэрадромнай роты, гружаныя пад завязку авіябомбамі, надвячоркам вярталіся на аэрадром. Рухаліся калонай з дыстанцыяй 300-400 метраў. Раптам з-за невялікага ляска, як каршуны, наляцелі два нямецкія штурмавікі, сталі бамбіць, весці кулямётны абстрэл. Узляцела ў паветра адна машына, праз хвіліну – другая. Страшэнныя выбухі, рэшткі – градам на сотні метраў. Нямецкія штурмавікі, праляцеўшы з кіламетр, пайшлі на разварот, каб расправіцца і з апошнім транспартам. Куды хавацца – шаша прамая, як страла. Справа, пры самай дарозе, Георгій заўважыў хату з гаспадарчымі пабудовамі. Рызыкоўна звярнуў з дарогі і з ходу ўскочыў у прыадчыненыя дзверы склада, накшталт нашага гумна, ледзьве паспеўшы затармазіць, каб не прабіць тыльную сцяну. Штурмавікі праляцелі раз, другі, але ці не здагадаліся, ці сваіх суайчыннікаў пашкадавалі, ці канчалася паліва – больш не вярнуліся. Шакіраваны з’яўленнем у сваім двары няпрошанага госця, стары немец выбег з хаты, спалохана і разгублена нешта гаварыў. Ведаючы некаторыя словы, Георгій зразумеў, што яго прасілі хутчэй ехаць прэч. На яго адказ: “Гут, гут”, – гаспадар вынес кубак малака з невялікім кавалачкам хлеба, а затым і “падарунак” – губны гармонік, прыгаворваючы: “Бітэ, бітэ”.

Гэты гармонік у пасляваенны час Георгій Андрэевіч любіў браць з сабой. Даставаў з кішэні і часцей за ўсё найграваў “Кацюшу” або які-небудзь вальс, пераважна “На сопках Маньчжурыі”. Музычнай адукацыі ў яго не было, але прыродай быў закладзены музычны слых, які перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Яго родны дзядзька па бацькавай лініі да рэвалюцыі меў свой прафесійны духавы аркестр, папулярны ў высокапастаўленых асобаў Пецярбурга, які быў асноўным сродкам даходу сям’і. Георгій Андрэевіч іграў на балалайцы, акардэоне, спрабаваў і на фартэпіяна, купленым для сваіх дачок. Старэйшая Наталля, а пазней і малодшая Маргарыта, паспяхова закончылі Дзятлаўскую музычную школу. Для малодшай музыка стала прафесіяй, яна скончыла вучылішча і кансерваторыю. Музычны слых перадаўся і ўнукам: Таццяна, Аляксей, Надзея таксама выпускнікі музычнай школы. Сёлета заканчвае гэту ўстанову праўнучка Дар’я.

Шчаслівы выпадак з заездам у двор нямецкага баўэра адбыўся ў апошнія дні красавіка 1945 года. Пасля Перамогі 32-я аэрадромная тэхрота ўлілася ў склад 532-га батальёна аэрадромнага абслугоўвання і перадыслакавалася пад Смаленск, дзе ў лютым 1946 года скончылася вайсковая служба Георгія Янісона. Акрамя медаля “За баявыя заслугі”, у канцы вайны ён атрымаў медаль “За перамогу над Германіяй”, а ў пасляваенны час – юбілейныя медалі. Дэмабілізавацца давялося ў Наваельню, дзе з ваенным шпіталем, рухаючыся за фронтам на захад, апынулася яго маці. Тут малады салдат пазнаёміўся з толькі што накіраванай на працу ў шпіталь выпускніцай Навагрудскай школы медсясцёр Нінай Лапаткінай. Хутка яны стварылі сям’ю і пераехалі ў Дзятлава. Шафёры на той час былі ў пашане. Георгій Андрэевіч працаваў у райпрамкамбінаце, затым на маслазаводзе, а з 1965 года – у пажарнай часці. Маладая сям’я атрымала невялікую двухпакаёвую кватэру ў былым яўрэйскім доме. Зарплаты пасля вайны былі невялікія, а былы франтавік марыў набыць матацыкл і паехаць па мясцінах баёў на сваю радзіму, на магілы бацькі і братоў (якія трэба было адшукаць). Таму, стараючыся эканоміць на ўсім, мой будучы цесць змайстраваў амаль усю мэблю сам. Кожную сэканомленую капейку адкладваў на матацыкл, на музычныя інструменты для дачок, на алейныя фарбы і пэндзлі. Прырода адарыла яго яшчэ і талентам маляваць. Праўда, пісаў ён пераважна копіі карцін вядомых мастакоў, асабліва ўдаваліся нацюрморты Хруцкага. У чырвоным кутку райпрамкамбіната доўга радавала прысутных вялікае палатно “Запарожцы пішуць пісьмо турэцкаму султану”. Што гэта копія, маглі вызначыць толькі дасведчаныя людзі, а ў тое, што стварыў яе чалавек без мастацкай адукацыі, не верыў ніхто.

Георгій Андрэевіч практычна не ўжываў спіртнога, не курыў, не любіў іграць у карты, аддаючы перавагу шахматам, фігуры якіх не раз па-майстэрску сам выточваў з дрэва.

У 1966 годзе нарэшце набыў матацыкл “ІЖ”. Наступным летам у час водпуску Георгій Андрэевіч паехаў у Арол і Курск шукаць магілу брата Генадзя. Больш за тыдзень правёў у пошуках, перш чым на ўскрайку адной з вёсак на абеліску знайшоў прозвішча Генадзя Андрэевіча Янісона.

Праз пару гадоў выдалася і мотападарожжа на Пскоўшчыну, у роднае Данілава, якое злілося з райцэнтрам Локня. Дом, дзе нарадзіўся мой цесць, згарэў. Ён змог толькі пагутарыць з людзьмі, якія яго памяталі. У Вялікіх Луках і Ленінградзе сустрэўся з далёкімі сваякамі.

Пазней збіраўся ў Чарнавіцкую вобласць, на месца гібелі старэйшага брата, прапаноўваў мне ехаць за кампанію. На жаль, 29 верасня 1976 года сэрца чалавека, юнацтва якога прыпала на суровыя ваенныя гады, спынілася. Георгій Янісон пайшоў у лепшы свет на 52 годзе, калі жыццё навокал наладжвалася, калі дачакаўся першую ўнучку Таццяну, якую любіў і песціў бязмерна. На лёс яго маці выпала яшчэ адно выпрабаванне – пахаваць апошняга сына. А праз тры гады іх душы злучыліся на нябёсах, і апошнім прытулкам стала беларуская зямля. У Дзятлаве сын і маці пахаваны ў адной магіле. Удзячныя нашчадкі даглядаюць яе і расказваюць праўнукам пра ўклад Янісонаў у перамогу над фашыстамі.

Сёлета на 9 мая партрэты Ефрасінні Рыгораўны, Уладзіміра, Генадзя і Георгія Янісонаў унукі і праўнукі возьмуць з сабой на святочныя мерапрыемствы, успомняць памерлых родных добрым словам, сабраўшыся за сталом, закажуць малебен у Дзятлаўскай царкве, запаляць лампадкі на магіле, ускладуць кветкі. Вечная слава ім і ўсім, хто здабыў для нас Перамогу.

Валерый ПЕТРЫКЕВІЧ,
зяць Георгія Янісона, краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: