Свята для мам прайшло ў Гезгалаўскім садку

Важнае Грамадства

Напярэдадні свята 8 Сакавіка, нягледзечы на хмуры вясенні дзянёк, у Гезгалаўскім садку было па-вясеннему сонечна, святочна і радасна.

Дашкольнікі рознаўзроставых груп № 1 і № 2 разам са сваімі выхавальнікамі М.І.Басай,  К.С.Юргель і А.І.Шашко падрыхтавалі для сваіх мам цудоўныя ранішнікі “Нашым мамам дарагім сонца ўсміхаецца” і “Самым мілым, дарагім…”.

Няма нічога даражэй для матулі, чым яе дзеці. Няма нічога лепей, чым слухаць, як льюцца з іх вуснаў шчырыя словы ў адрас мам, бабуль. Якой радасцю і гонарам перапаўняюцца тады іх сэрцы, і хочацца падзяліцца гэтай радасцю з усім светам.

На ранішніках выхаванцы прадэманстравалі мамам свае таленты пры выкананні песень, вершаў, танцаў, гульняў. Дзеці рознаўзроставай групы № 2 збіралі “бусы”, малявалі партрэты сваіх мам на паветраных шарыках, хлопчыкі “варылі кашу” ў танцы маленькіх кухараў, дзяўчынкі разам з мамай-курыцай падарылі танец непасляхмяных куранят.

Кульмінацыяй ранішніка “Самым мілым, дарагім…” стала музычнае выступленне адной з мам – А. І.Кашко, у руках якой скрыпка ажывае. Алена Ігараўна, іграючы, змагла дакрануцца да струн душы кожнага ў зале: выкананне “Авэ, Марыі” нікога не пакінула раўнадушным – у матуль з вачэй цяклі слёзы – настолькі кранула сэрца гэта шматзначная мелодыя…

Напярэдадні жаночага свята хочацца павіншаваць усіх жанчын, пажадаць усмешак, шчасця і дабра.

Галіна ГАЎРОШ ,
педагог сацыяльны Гезгалаўскага яслі-сада