Як змяніць прозвішча?

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь павінен мець прозвішча, імя, імя па бацьку, бо з моманту іх рэгістрацыі набывае права карыстацца імем для ўдзелу ў прававых адносінах.

У вызначаных заканадаўствам выпадках чалавек мае права змяніць свае прозвішча, імя, імя па бацьку. Як гэта зрабіць па законе і ці могуць у гэтым адмовіць, на прыкладах тлумачыць начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Бародзіч.

– Якія прычыны лічацца ўважлівымі для змены прозвішча?

— Заканадаўствам да ўважлівых прычынаў аднесены: немілагучнасць прозвішча або цяжкасць вымаўлення; жаданне вярнуць сваё дашлюбнае прозвішча, калі пра гэта не было заяўлена пры разводзе; жаданне насіць прозвішча айчыма (мачахі), які выхаваў заяўніка, калі ўсынаўленне не можа быць аформлена; жаданне насіць прозвішча, адпаведнае абранай нацыянальнасці; жаданне вярнуць дашлюбнае прозвішча пасля смерці мужа і іншыя.

Аднак прычыны неабходна абгрунтаваць адпаведнымі дакументамі. У кожным канкрэтным выпадку вызначаецца, ці могуць прычыны, названыя ў заяве жадаючага перамяніць прозвішча, лічыцца ўважлівымі.

У дазволе перамены прозвішча незалежна ад матываў, выкладзеных у заяве, могуць адмовіць у выпадках, калі: на момант падачы заявы аб змене прозвішча заяўнік падазраецца ў здзяйсненні злачынства, у сувязі з чым у дачыненні да яго ўзбуджана крымінальная справа ці вынесена пастанова аб прымяненні меры стрымання да вынясення пастановы аб прыцягненні яго ў якасці абвінавачанага, прызнанні яго падазраваным або прыцягненні ў якасці абвінавачанага, або ў яго маецца непагашаная і нязнятая судзімасць. Пасля зняцця судзімасці можна будзе рэалізаваць сваё права на змену прозвішча.

— Пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці маці не прысутнічала, заяву ў ЗАГС падаваў яе муж. Дзіця ў пасведчанні аб нараджэнні назваў імем, якое маці не падабалася, і даў сваё прозвішча (у мужа і жонкі прозвішчы былі розныя). Жанчына хоча гэта выправіць.

— Пры рэгістрацыі нараджэння супрацоўнікі ЗАГСа тлумачаць заяўніку парадак прысваення дзіцяці прозвішча і ўласнага імя. Пры гэтым мяркуецца, што павінна быць згода бацькоў на прысваенне дзіцяці ўказаных у заяве прозвішча, уласнага імя. Калі бацькі дзіцяці маюць розныя прозвішчы, то прозвішча дзіцяці пры рэгістрацыі нараджэння прысвойваецца па ўказанні аднаго з бацькоў, які зрабіў заяву аб рэгістрацыі нараджэння, у адпаведнасці з прозвішчам, названым у дакуменце, які сведчыць асобу гэтага з бацькоў.

Уласнае імя дзіцяці можа быць зменена па заяве бацькоў на працягу года пасля рэгістрацыі нараджэння дзіцяці, калі пры рэгістрацыі яму было дадзена ўласнае імя без уліку пажадання бацькоў, або на працягу шасці гадоў пасля рэгістрацыі нараджэння, а ў выключных выпадках – са згоды дзіцяці і органа апекі і папячыцельства да дасягнення шаснаццаці гадоў, калі дзіця фактычна носіць не тое ўласнае імя, якое яму было дадзена пры рэгістрацыі.

Спрэчныя пытанні, звязаныя з прысваеннем прозвішча, могуць быць дазволены органамі апекі і папячыцельства.

Калі бацькі хочуць зрабіць так, каб у дзіцяці было падвойнае прозвішча, то зрабіць гэта нельга. Прысваенне дзіцяці двайнога прозвішча дапускаецца ў выпадку, калі бацькі (адзін з бацькоў) носяць двайное прозвішча.

— Бацькі не хочуць, каб у дзіцяці было імя па бацьку, бо яно непрыгожа гучыць па-беларуску і па-руску з-за таго, што бацька мае іншае грамадзянства.

— Парадак рэгістрацыі шлюбу, нараджэння, а адпаведна прысваення прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь абавязковыя для ўсіх, незалежна ад грамадзянства асоб, якія жадаюць зарэгістраваць нараджэнне дзіцяці, бацькі якога маюць рознае грамадзянства. Дзяржаўнымі мовамі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца руская і беларуская, адпаведна, і справаводства ў дзяржаўных органах іншых арганізацыях вядзецца на рускай і беларускай мовах.

Нашым заканадаўствам не прадугледжаны выпадкі, пры якіх імя па бацьку дзіцяці не прысвойваецца. Імя па бацьку дзіцяці прысвойваецца па ўласным імені бацькі.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup