Вензавецкая сярэдняя школа сустракала выпускнікоў (+відэа)

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Ужо традыцыйна ў першую суботу лютага школы нашай краіны адчыняюць дзверы для сустрэчы з выпускнікамі.

Вензавецкая сярэдняя школа не стала выключэннем, тым больш што сёлета яна адзначае свой 50-гадовы юбілей.

Юбілейны вечар-сустрэча пачаўся з прывітальных слоў вядучых, якія прадставілі гледачам ганаровых гасцей: начальніка аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Наталлю Сяргееўну Белаус і старшыню Вензавецкага сельвыканкама Алега Іванавіча Шымко. Пасля гэтага на сцэну для прывітальнага слова запрасілі дырэктара Вензавецкай сярэдняй школы Ганну Іванаўну Франюк. Яна нагадала прысутным пра важную ролю адукацыі ў жыцці кожнага з нас.

– Гісторыя школы – гэта жывая памяць людзей. Гэта лёс педагогаў і вучняў, гэта дом, які па цаглінцы будуюць настаўнікі і вучні сваёй штодзённай працай, – распавяла Ганна Іванаўна.

Дырэктар прапанавала гледачам паглядзець відэаролік пра гісторыю школы, падзякавала калектыву ўстановы за гады плённай працы і выказала надзею, што сёлетні юбілей стане далёка не апошнім, а наперадзе будзе яшчэ нямала дасягнутых мэт, заваяваных узнагарод і таленавітых людзей.

Наталля Белаус, у сваю чаргу, нагадала прысутным пра дасягненні школы і ад імя Дзятлаўскага райвыканкама падзякавала педагогам за працу і тое, што яны на працягу доўгіх гадоў выхоўваюць у вучняў дабрыню, працавітасць і адказнасць, вучаць культурным паводзінам і даюць веды.

У ходзе мерапрыемства падзячныя лісты і ганаровыя граматы ад аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу і асабісты ўклад у развіццё падрастаючага пакалення атрымалі ветэраны педагагічнай працы Ганна Міхайлаўна Каско, Рыма Васільеўна Нячай, Ганна Міхайлаўна Клімко, Фаіна Канстанцінаўна Абрамчык, Анастасія Канстанцінаўна Дзявойна, Ларыса Фёдараўна Яроміна, Людміла Пятроўна Дзянісік. Калектыў школы таксама не застаўся без падарунка – яны атрымалі ад аддзела адукацыі сертыфікат на набыццё сродкаў навучання.

Алег Шымко таксама далучыўся да віншаванняў і падарыў школе памятны падарунак.

Не забыліся і пра тых, хто некалі разам з усімі пісаў гісторыю школы, жыў і працаваў так добрасумленна і самааддана, што назаўсёды застаўся ў памяці ўдзячных ім людзей. Памяць тых, хто сышоў на вечны спачын, госці вечара ўшанавалі хвілінай маўчання.

Далей вядучыя мерапрыемства запрасілі на сцэну выпускнікоў-юбіляраў – а, менавіта тых, хто скончыў школу ў 1975, 1980, 1985, 1990, 1995, 2000, 2005, 2010 і 2015 годзе. Шмат цёплых і прыемных слоў у адрас настаўнікаў прагучала ад былых вучняў. Хтосьці дзякаваў за веды, якія дапамаглі атрымаць лепшыя адзнакі пры паступленні ў ВНУ, хтосьці ўспамінаў цікавыя выпадкі на занятках, але ўсіх іх аб’яднала пачуццё ўдзячнасці школе за набытыя веды і сяброў, добрыя стасункі з якімі захаваліся на доўгія гады.

Мерапрыемства працягнулася вясёлымі конкурсамі, прыгожымі песнямі, якія зрабілі святочны вечар яшчэ больш цёплым і запамінальным.

Напрыканцы юбілейнага вечара-сустрэчы выпускнікі 70-х прапанавалі гасцям свята салодкі падарунак – торт.

На працягу ўсяго мерапрыемства ў школе працавалі фотазоны.

Марыя ПАПОВА
Вольга ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup