У Гезгалаўскім садку прайшоў тыдзень “Мой тата — салдат”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Важнай сацыяльнай функцыяй сям’і з’яўляецца выхаванне грамадзяніна, патрыета, будучага сем’яніна.

Бяссспрэчна і даказана на шматлікіх прыкладах: хлопчыкі “лепяць” свой характар з дарослых мужчын. А ў дашкольным узросце самы блізкі і зразумелы для іх мужчына – бацька.

Пра сваю вялікую ролю ў жыцці дзяцей ведаюць таты выхаванцаў Гезгалаўскага ясляў-сада. Яны прымаюць непасрэдны ўдзел у выхаванні сваіх дзяцей.

І зараз, напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны, у нашай установе прайшоў тэматычны тыдзень “Мой тата — салдат”.

Выхавальнікі Н. Кульбей, І. Красоўская правялі рад пазнавальных гутарак з дзецьмі 5-6 гадоў аб гісторыі і традыцыях свята, ваенных прафесіях людзей. А з якой цікавасцю разглядалі хлопчыкі фотаальбомы татаў і дзядуляў, якія калісьці выконвалі свой воінскі абавязак.

Выхаванцы старшай групы сталі ўдзельнікамі віктарыны “Ваенная азбука ад А да Я”, дзе замацавалі ўяўленні аб знакамітых земляках Дзятлаўшчыны — героях Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі аграгарадка Гезгалы, які амаль сорак гадоў быў ваенным гарадком.

Вельмі старанна, з вялікай адказнасцю дзеці рыхтавалі цікавыя падарункі сваім бацькам: віншавальныя паштоўкі у выглядзе святочнай кашулі, сувеніры “Кубкі”.

Юныя карэспандэнты, дзяўчынкі рознаўзроставай групы № 3, правялі міні-інтэрв’ю з хлопчыкамі “Ці хочаш ты быць падобным на свайго тату? Чаму?” Адказы дзеяцей паказалі, што усе нашы хлопчыкі мараць быць, як таты, вялікімі, дужымі, служыць у арміі, каб абараняць сваю Радзіму ад ворагаў.

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў Гезгалаўскім яслях-садзе з удзелам тат прайшла святочная забава “У лютаўскі дзень асаблівы…”

Пад мелодыю ваеннай песні выхаванцы са сцяжкамі ўрачыста ўвайшлі ў святочна аформленую залу. Вядучая мерапрыемства прывітала прысутных, павіншавала ўсіх тат, братоў, дзядуль, хлопчыкаў з надыходзячым святам, пажадала моцнага здароўя, шчасця і заўжды памятаць пра высокае званне мужчыны.

З вуснаў дзяцей гучалі вершаваныя пажаданні татам. Хлопчыкі расказалі, у якіх войсках яны мараць служыць.

Святочную сустрэчу прадоўжылі “ваенныя вучэнні”: эстафеты “Дастаў важнае данясенне”, “Перанясі снарады”, “Міннае поле”; конкурс “Збяры танк і карабель”, гульня “Хто першы?”, “Трапіць у цэль”, “Салдат, будзь уважлівы!”. Усе заданні садзейнічалі выхаванню у хлопчыкаў такіх мужчынскіх якасцяў, як смеласць, вынослівасць, трапнасць, уважлівасць, сіла.

Усе выхаванцы справіліся з заданнямі і праявілі сябе як сапраўдныя абаронцы Айчыны.

Галіна ГАЎРОШ,
педагог сацыяльны Гезгалаўскага ясляў-сада

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup