На Дзятлаўшчыне павялічылася колькасць эканамічных і карупцыйных злачынстваў

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

У 2019 годзе на Дзятлаўшчыне з 13 да 16 павялічылася колькасць эканамічных і карупцыйных злачынстваў.

На працягу мінулага года пракуратура Дзятлаўскага раёна правяла шэсць праверак выканання патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства. Аналіз даных паказаў, што ў аграпрамысловым комплексе раёна адзначаецца высокі ўзровень карупцыйных праяваў.

Крымінальныя справы ўзбуджаліся на службовых асобаў аграпрамысловага комплексу раёна. Вынесены абвінаваўчыя прысуды па фактах злоўжывання ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, атрымання хабараў, службовага падлогу. Большасць злачынстваў былі звязаны з прыпіскамі малака, шляхам яго выпіскі на работнікаў малочнатаварных фермаў, хаця фактычна малако не адпускалася, а таксама з занясеннем ілжывых звестак у справаздачы аб руху жывёлы і птушкі (такім чынам утойваліся падзяжы буйной рагатай жывёлы).

Учыненню падобных злачынстваў спрыялі папушчальніцтва і неналежны кантроль з боку кіраўнікоў КСУПаў, якія, штомесяц правяраючы справаздачы, не ўдакладнялі звесткі пра выпіску работнікамі непамерна вялікай колькасці прадукцыі жывёлагадоўлі.

Праверкі выявілі парушэнні сельскагаспадарчых арганізацый і ў сферы закупак: дапускаліся фармалізм і нядбайнасць, часам, наўмыснае невыкананне патрабаванняў нарматыўных актаў. Парушэнні не спрыялі выбару аптымальнага пастаўшчыка тавараў, эканомнаму і эфектыўнаму выкарыстанню бюджэтных сродкаў.

Для выпраўлення сітуацыі ў 2020 годзе неабходна павысіць эфектыўнасць работы камісіі па супрацьдзеянні карупцыі. Кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў асаблівую ўвагу надаваць недапушчэнню фактаў скажэння статыстычнай справаздачнасці, павысіць кантроль за выкананнем работнікамі вытворчай і працоўнай дысцыпліны. Спецыялістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама ўзмоцніць кантроль за выкананнем антыкарупцыйнага заканадаўства.

Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup