Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Сустрэча “Памятаем, ведаем, захаваем”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У кінатэатры “Спадарожнік” адбылася сустрэча “Памятаем, ведаем, захаваем”, прысвечаная 75-годдзю Вялікай Перамогі.

Арганізатарамі былі удзельнікі клуба “Нам гады не бяда” і раенны савет ветэранаў. Наведвальнікамі мерапрыемства сталі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны працы, “дзеці вайны” і запрошаныя госці.

Пасля прывітальных словаў вядучых, а, менавіта, сакратара раённага савета ветэранаў Ядвігі Гушчы і старшыні раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіны Касцюк, на сцэну выйшаў старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар.

Ён павіншаваў ветэранаў, былых вязняў і “дзяцей вайны” з надыходзячым святам, нагадаў пра значнасць Вялікай Перамогі для беларусаў і пра тое, якую цану давялося заплаціць за незалежнасць.

Затым Міхаіл Губар уручыў ганаровым гасцям кветкі.

Далей на сцэну запрасілі ветэранаў, якія падзяліліся ўспамінамі з наведвальнікамі мерапрыемства. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Лях распавёў пра першыя дні вайны. Хтосьці ўспомніў, якім жудасным быў гул самалётаў, як страшна было жыць у ваенных гарадках, бо менавіта іх заўсёды бамбілі першымі. Распавядалі пра тое, як цяжка было вяртацца на радзіму вязням канцэнтрацыйных лагераў. Галоўная складанасць была нават не ў адлегласці, а ў тым, з якім асуджэннем некаторыя людзі ставіліся да тых, хто вяртаўся з няволі.

Краязнаўца Міхаіл Лук’янчык расказаў пра ваеннае мінулае Дзятлаўшчыны і подзвігі дзятлаўчан, пра падпольныя камсамольскія арганізацыі, а таксама пра патрызанскія атрады Дзятлаўскага раёна. Ён адзначыў, што імёны асабліва знакамітых камандзіраў атрадаў у наш час носяць некаторыя вуліцы Дзятлава.

‒ Цяпер вядзецца работа па ўстанаўленніі імёнаў загінулых у часы Вялікай Айчыннай вайны. Вядома, што на тэрыторыі нашага раёна загінулі 4716 чалавек, не лічачы яўрэяў народа. З улікам іх, гэтая лічба, магчыма, магла б быць пяцізначнай. Далёка не ўсе імёны загінулых вядомыя, а таму праца чакаецца карпатлівая. Але мы спадзяемся, што даведаемся імёны ўсіх герояў вайны.

У канцы сустрэчы гасцям мерапрыемства было прапанавана паглядзець фільм “Паланэз Агінскага”. Для дзятлаўчан ён асабліва цікавы тым, што там паказана Дзятлава ў ваенныя гады і, у прыватнасці, знакаміты касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Па словах гледачоў, фільм зрабіў на іх вялікае ўражанне, многія выйшлі з кіназалы са слязьмі на вачах.

Марыя ПАПОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: