Асабістае меракаванне. Возьмем пад апеку крыніцы

Грамадства Свежыя навіны

Вада – адно з асноўных багаццяў кожнай краіны.

Калі без ежы чалавек можа пражыць прыкладна месяц, то без пітной вады не больш за 7-9 дзён. Без яе не абыходзіцца ні сельская гаспадарка, ні вытворчасць. Дзякуючы водаправодам, большасці жыхарам Беларусі вада лёгка даступная, а раней яе бралі са студняў і крыніц, з рэк і азёр, хаця і ў наш час некаторыя вяскоўцы ваду ў хаты па-ранейшаму носяць вёдрамі.

Па забяспечанасці воднымі рэсурсамі Беларусь мае спрыяльныя ўмовы: у нас тысячы вялікіх і малых азёраў і рэк. Такога аб’ёму дастаткова для задавальнення як сучасных, так і перспектыўных патрэбаў. Але бурна растуць прамысловасць і сельская гаспадарка, якія за кошт сцёкавых вод і хімікатаў значна павялічваюць адмоўнае ўздзеянне на беларускую прыроду. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ажыццяўляе сур’ёзны кантроль за якасцю водных басейнаў, маніторынгам якасці вады займаецца і дэпартамент гідраметэаралогіі, а кантролем за выкідам сцёкавых вод – службы аналітычнага кантролю абласных камітэтаў. У басейнах рэк праводзяцца розныя водаахоўныя мерапрыемствы. Але каб захаваць нашчадкам воднае багацце Беларусі, усяго гэтага пакуль недастаткова. Экалагічную культуру і гаспадарскія адносіны да навакольнага асяроддзя варта выхоўваць з ранняга дзяцінства, не забывацца нагадваць пра гэта і дарослым.

Як правіла, кожная маленькая і вялікая рака бярэ свой пчатак з крынічкі ці балотца. На Дзятлаўшчыне – звыш сотні рэчак і ручаёў, большасць з іх – дробныя, даўжынёй да некалькіх кіламетраў. У лёс амаль кожнай з іх калісьці ўмяшаліся меліяратары, не заўсёды апраўдана, як паказвае практыка. Цяпер назіраецца зніжэнне ўзроўню вады ў студнях, абмяленне рэк, доўгія засухі, у лясах стала менш журавін, многія “выраўненыя” каналы – на мяжы знікнення. Таму на некаторых даўно асушаных землях дзе-нідзе ажыццяўляецца зваротны працэс: іх забалочваюць (напрыклад, уздоўж тасы М-6 па дарозе з Ліды ў бок Мінска).

Зберажом крынічкі малой радзімы

Павага да крыніц у Беларусі – адна з традыцый народнай культуры, некаторыя з іх і сёння лічацца святынямі. Цяпер у краіне каля 200 сакральных крыніц. У 2018-2019 гадах, якія былі аб’яўлены Гадамі малой радзімы, даследаваны, адноўлены, нанесены на кадастравую карту краіны каля 500 крыніц. Але гэта толькі частка тых падземных водаў, што б’юць з нетраў Беларусі. 2020-ы – таксама Год малой радзімы. Самы час канчаткова даследаваць і нанесці на карту крыніцы нашых дзядоў і прадзедаў.

Найперш хачу звярнуцца да навучэнцаў школ, асабліва наведвальнікаў экалагічных гурткоў і аб’яднанняў, з прапановай ажыццявіць маніторынг крыніц, з якіх бяруць пачатак нашы рачулкі, ацаніць іх стан і праблемы. Затым неабходна весці размовы з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, сельгаспрадпрыемстваў, лясніцтваў, меліяратарамі, аховай прыроды наконт дазволу і дапамогі ў добраўпарадкаванні крыніцы ля дарог і паселішчаў, каб можна было зручна падысці да іх, набраць вады, спатоліць смагу. Гэтай ідэяй зацікаўце сваіх бацькоў, лідараў БРСМ, прадпрымальнікаў, гаспадароў аграсядзібаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый.

За ўзор, як варта добраўпарадкаваць, можна ўзяць крынічку ў нашым аграгарадку Жукоўшчына ці Косічах суседняга Навагрудскага раёна. Вядома, так абсталяваць крыніцы школам не пад сілу, але ініцыяваць патрэбную справу можна.

Побач з горадам Дзятлава, перад вёскай Галаўлі, справа, не больш за 100 метраў ад дарогі на Наваельню, з зямлі вырываюцца некалькі магутных фантанчыкаў. Калісьці на гэтым вадатоку, крыху ніжэй, дзейнічаў галаўлёўскі вадзяны млын. Некалькі менш значных выхадаў падземных вод струменяць ва ўрочышчах Бярэзіна і Хаткі, каля вёскі Змяёўцы, паміж вёскамі Савічы і Гернікі.

Сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава знаходзіцца бліжэй да галаўлёўскіх крыніц. Гімназістам можна ўзяць пад апеку крыніцу каля вёскі Змяёўцы. Вучні сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава бліжэй да ўрочышча Хаткі і вытокаў ракі Дзятлаўкі. Гурткоўцам Цэнтра творчасці і Цэнтра турызму не шкодзіла б зацікавіцца Беразіной, дзе, акрамя крыніц, ёсць два цікавыя турыстычныя аб’екты – вышэйшая геаграфічная кропка раёна (282 метры над узроўнем мора) і адзін з пунктаў Дугі Струве (знаходзіцца пад аховай ЮНЕСКА). Калі крыніца б’е сярод палёў ці лугоў, яе выхад на паверхню і першую-другую сотню метраў вадатоку някепска абсадзіць дрэвамі і кустамі, лепш тымі, што пладаносяць, каб зімой было чым карміцца птушкам, а летам зеляніна не дасць вадзе хутка выпарвацца. Паходы і экскурсіі да крынічак могуць стаць адным з відаў практычных работ і лепшым сродкам замацавання ведаў, атрыманых на ўроках.

У наш час з-за павелічэння насельніцтва Зямлі, інтэнсіўнай вытворчасці, развітай хімічнай прамысловасці праблемы экалогіі выходзяць на першае месца. І самае важнае – навучыць людзей берагчы прыродныя рэсурсы, каб дзеці і дарослыя ведалі, што можна і неабходна рабіць у экалагічнай сферы, а чаго – катэгарычна нельга. Каб гэтыя веды яны абавязкова выкарыстоўвалі на практыцы кожны дзень. І ніколі не варта забываць важную ісціну: без вады – няма і жыцця.

Валерый ПЕТРЫКЕВІЧ,
настаўнік-пенсіянер, краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: