Абітурыенту-2020. Калі ёсць мара – стаць вайскоўцам

Грамадства Свежыя навіны

У сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава ў рамках прафарыентацыйнай падрыхтоўкі адбылася інфармацыйная сустрэча прадстаўнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна з навучэнцамі выпускных класаў раённых установаў адукацыі  пад назвай “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць”.

З будучымі абітурыентамі сустрэліся начальнік групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Павел Бараноўскі, прадстаўнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі: намеснік начальніка ваеннага факультэта па ідэалагічнай рабоце палкоўнік  Валерый Буцько і  старшы выкладчык кафедры безпілотных авіяцыйных комплексаў і баявога ўпраўлення падпалкоўнік Раман Цюпін, а таксама курсант Ваеннай акадэміі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Іван Панасевіч.

У час сустрэчы навучэнцы даведаліся, што ў нашай краіне ваенныя спецыяльнасці можна атрымаць у розных вышэйшых і сярэднеспецыяльных навучальных установах, аднак вядучай  ВНУ па-ранейшаму застаецца Ваенная акадэмія Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Таксама ваенную спецыяльнасць абітурыенты могуць атрымаць і на адным з сямі ваенных факультэтаў грамадзянскіх ВНУ нашай краіны, у ваенных ВНУ або на ваенных факультэтах грамадзянскіх установаў адукакцыі Расійскай Федэрацыі.

Намеснік начальніка ваеннага факультэта акадэміі авіяцыі Валерый Буцько расказаў старшакласнікам аб гісторыі стварэння і накірунках дзейнасці акадэміі і ваеннага факультэта, навукова-педагагічным патэнцыяле ўстановы, вучэбна-матэрыяльнай і ваенна-тэхнічнай базах, умовах навучання і пражывання курсантаў, падрабязна спыніўся на тэрмінах правядзення асноўных этапаў прыёмнай кампаніі, правілах прыёму на ваенны факультэт, асаблівасцях і ўмовах паступлення на ваенныя спецыяльнасці, нарматывах і патрабаваннях да здачы ўступных выпрабаванняў па фізічнай падрыхтоўцы.

Так, у час размовы навучэнцы выпускных класаў даведаліся,  што ў структуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі ўваходзяць факультэты грамадзянскай авіяцыі, ваенны факультэт, аддзяленне  сярэдняй спецыяльнай адукацыі, інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.

Для падрыхтоўкі кадравых афіцэраў і навучання курсантаў па праграмах падрыхтоўкі  малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу ў акадэміі авіяцыі функцыянуе ваенны факультэт. Курсанты праходзяць навучанне па дввюх спецыяльнасцях: “Тэхнічная эксплуатацыя сродкаў наземнага забеспячэння палётаў” і “Беспілотныя авіяцыйныя комплексы дзяржаўнай авіяцыі”.

Кожнаму курсанту пасля заканчэння вучобы прысвойваецца кваліфікацыя – “ Інжынер, спецыяліст па кіраванні”.

Вучэбна-матэрыяльная база ваеннага факультэта ўключае  спецыялізаваныя аўдыторый з сучаснымі трэнажорамі, электроннымі навучальнымі праграмамі, макетамі, авіяцыйнай і спецыяльнай аўтамабільнай тэхнікай. Навучанне ажыццяўляецца толькі на дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні на працягу ўсяго перыяду навучання, па заканчэнні ўсім выпускнікам гарантуецца працаўладкаванне, дастойная аплата, прадстаўляюцца сацыяльныя гарантыі.

Выпускнікі ваеннага факультэта паспяхова праходзяць службу ў воінскіх часцях Узброеных Сіл на пасадах аператараў беспілотных лятальных апаратаў, аператараў мэтавай нагрузкі і спецыялістаў па тэхнічным абслугоўванні беспілотных авіяцыйных комплексаў, а таксама ў іншых сілавых ведамствах, могуць знайсці сябе не толькі ў ваеннай службе, але і ў грамадзянскіх арганізацыях.

Начальнік групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Павел Бараноўскі расказаў будучым выпускнікам, што для таго, каб стаць курсантам, неабходна звярнуцца ў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна ў год паступлення не пазней за 1 красавіка, дзе ім прапануюць напісаць заяву з просьбай аб паступленні. Затым выпускнікі павінны прайсці медыцынскі агляд ваенна-доктарскай камісіі на прыдатнасць да праходжання ваеннай службы. Наступны этап – прафесійны адбор і здача нарматываў па фізічнай падрыхтоўцы. Таксама неабходна здаць уступныя выпрабаванні па фізіцы, матэматыцы, беларускай або рускай мове ў форме цэнтралізаванага тэсціравання.

Як стаць курсантам Ваеннай акадэміі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, расказаў землякам курсант 2 курса акадэміі, былы выпускнік сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава  Іван Панасевіч.

Ён падрабязна спыніўся на асаблівасцях і  ўмовах паступлення ў галоўную ваенную ВНУ краіны, парадку падачы дакументаў, расказаў пра умовы навучання і пражывання курсантаў.

Неабходна адзначыць, што сталічным гасцям удалося зацікавіць аўдыторыю. Аб гэтым сведчыць і мноства пытанняў, якія задавалі навучэнцы, і цікавасць будучых выпускнікоў да  навучальных беспілотных лятальных апаратаў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup