Да 80-годдзя Дзятлаўскага раёна. Добрыя справы, добрая слава

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Ёсць на Дзятлаўшчыне вёска Дзянісава.

Між іншым, гэта адзін з самых маладых населеных пунктаў раёна. Свой пачатак Дзянісава бярэ з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, калі пачаўся масавы перанос шматлікіх хутароў. І першыя забудовы новай вёскі сталі з’яўляцца на голым, у літаральным сэнсе слова, месцы.

А тое перасяленне стала вынікам дзяржаўнай палітыкі. І менавіта на Дзятлаўшчыне надзвычай вялікую актыўнасць у гэтым накірунку тады праявіў старшыня калгаса “Слава працы” Павел Фёдаравіч Сарадоеў – здольны і граматны кіраўнік, сапраўдны гаспадар. На тэрыторыі калгаса на той час налічваўся не адзін дзясятак разрозненых, аддаленых адзін ад другога хутароў. І Сарадоеў, які вельмі шмат зрабіў дзеля развіцця гаспадаркі, яе эканамічнага росту і росквіту, вызначыў для сябе яшчэ адну стратэгічную праграму: ліквідаваць хутары, каб людзі, па сутнасці адарваныя ад цывілізацыі, атрымалі магчымасць жыць камфортна і годна.

Дарэчы, калі працягваць размову ў гэтым кірунку, дык і я сам родам з хутара, што на той жа Дзятлаўшчыне. У школу хадзіў у вёску Падвялікае (а школу, мясцовы клуб, ды і шмат хат вяскоўцаў тады будаваў мой бацька, якога і называлі знаёмыя і калегі вельмі важкімі і значнымі словамі — “Давыд-будаўнік”).

Я і сёння да дробязей памятаю, як праходзіла тое перасяленне. Павел Сарадоеў, як вопытны старшыня калгаса, прадбачліва пралічыў усе варыянты і зрабіў шмат дзеля таго, каб людзі пры гэтым мелі як мага найменш праблем і цяжкасцей.

За кожным хутарам, напрыклад, было замацавана па некалькі калгасных аўтамашын. І ўсё, што трэба было перавезці да новага месца, яны і перавозілі. Прычым бясплатна.

Павел Фёдаравіч Сарадоеў пакінуў на Дзятлаўшчыне даволі адметны след. Давялося чуць, што Сарадоеў адзін з першых кіраўнікоў калгасаў адмяніў сумна вядомыя палачкі-працадні, і тады калгас пачаў разлічвацца з людзьмі за іх працу грашыма, хаця і невялікімі, але рэальнымі. А далей – больш.

Не быў бы гэта Сарадоеў, калі б не замахнуўся на праект, які потым атрымаў статус ледзь ці не рэспубліканскага значэння. А тычыцца гэта калгаснага Дома адпачынку “Рэчанька”, што з’явіўся зусім недалёка ад ракі Шчара.

Месцы там надзвычай прыгожыя, маляўнічыя. Гэта сёння  нават на вёсцы нікога не здзівіш камфортнымі забудовамі гасцінічнага тыпу, а на той час нават даволі просты ў сваім выкананні двухпавярховы будынак калгаснага Дома адпачынку глядзеўся вельмі і вельмі багата ды ганарова. А яшчэ ён знаходзіўся ў акружэнні амаль што векавых хвояў за некалькіх сотняў метраў ад Шчары.

Між іншым, казалі, што Павел Сарадоеў накіроўваў у калгасны Дом адпачынку механізатараў, жывёлаводаў, паляводаў ледзь ці не ў прымусовым парадку. Каб не пуставалі месцы. А вясковыя людзі – нястомныя працаўнікі. Аб якім адпачынку можа быць размова, калі ў іх хапае спраў і на асноўнай рабоце, і па хатняй гаспадарцы. Не адарваць іх ад гэтага. Але, як і належыць, добрае месца пустым не бывае. Вельмі хутка пра гэты ціхі вугалок каля Шчары прачулі… мінчане. Нават калі я вучыўся ў БДУ, дык зусім выпадкова даведаўся ад свайго выкладчыка, што ён з сям’ёй ужо некалькі год запар адпачывае менавіта ў “Рэчаньцы”.

Адпачываў тут у свой час і знакаміты паэт Пятрусь Броўка. І вось што ён казаў потым сваім сябрам: “Едзьце, хлопцы, адпачываць у Дзятлава. У “Рэчаньку”. На Шчару. Вада там чыстая–чыстая. Рыбу можна голымі рукамі лавіць. А галоўнае   – транзістараў не чуваць…»

На той час у калгасе была яшчэ адна “Рэчанька” – уласны калектыў мастацкай самадзейнасці, удзельнікі якога з вялікім поспехам выступалі не толькі перад сваімі землякамі, але і на ўзроўні вобласці і рэспублікі.

Што ж тычыцца калгасных спраў, дык мне і цяпер іншы раз прыгадваецца рэдкі для таго часу выпадак. Гэта быў канец 60-х гадоў. І я, яшчэ вучань пачатковых класаў, звярнуў увагу на тое, што на калгасных дарогах з’явілася некалькі новенькіх аўтамабіляў ГАЗ-51 амаль што з аднолькавымі нумарамі, на што ў мяне тады была добрая памяць. У калгасе з’явіліся адразу тры грузавікі, парадкавыя рэгістрацыйныя нумары ішлі адзін за другім. І сёння іх добра памятаю. Гэта былі аўтамабілі пад нумарамі 31-19, 31-20, 31-21. І не трэба  тут вялікіх здагадак, каб не вызначыць, што гэтыя аўтамабілі былі зарэгістраваны ў Дзяржаўтаінспекцыі ў адзін дзень. А значыць, і набыў іх калгас таксама ў адзін дзень. А такую “раскошу” па тым часе магла дазволіць сабе даволі моцная гаспадарка…

Даўно няма ўжо сярод нас Паўла Сарадоева. Але засталіся яго добрыя справы і добрая памяць аб ім. А ў вёсцы Дзянісава, што нарадзілася дзякуючы яго добрым памкненням, сёння ёсць яшчэ і вуліца Сарадоева. Між іншым, у пэўнай ступені, дзякуючы мне. Тады гэта была вуліца Камсамольская, на якой і атрымала прапіску наша хата. На той вуліцы, калі не лічыць мяне, з камсамольцаў практычна больш ніхто і не жыў. У асноўным гэта былі людзі сталага ўзросту. І калі я яшчэ працаваў у Дзятлаве спачатку на раённым радыё, а потым у “Перамозе”, некалькі разоў звяртаўся ў Дзянісаўскі сельвыканкам з прапановай назваць адну з вуліц гэтай вёскі імем Паўла Сарадоева. Старшынёй Дзянісаўскага сельвыканкама тады працавала Людміла Аляксандраўна Макарчык, якая ведала Паўла Фёдаравіча яшчэ больш, чым я. І Людміла Аляксандраўна падтрымала маю прапанову. Вось і ёсць сёння ў Дзянісаве на месцы вуліцы Камсамольскай вуліца П. Ф. Сарадоева.

І гэта, на маю думку, цалкам заканамерна. Калі ёсць добрыя справы, дык ім заўсёды павінна спадарожнічаць яшчэ і добрая слава.

Уладзімір ТОМЧЫК,
жыхар горада Гродна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: