Уражанні ад першага дня навагодніх урачыстасцяў

Важнае Грамадства Свежыя навіны

З уключэннем ёлачных ілюмінацый на Дзятлаўшчыне дадзены старт навагоднім мерапрыемствам.

Сваімі ўражаннямі ад першага дня навагодніх урачыстасцяў падзяліліся жыхары і госці Дзятлава.

Святлана Урбан:

– Настрой цудоўны, святочны, нягледзячы на тое, што надвор’е крыху падвяло. Уразіла шэсце Дзядоў Марозаў, Снягурачак і казачных герояў. Вялікім дапаўненнем стала суправаджэнне духавога аркестра. Праграма навагодніх святаў абяцае быць насычанай і разнастайнай, таму пастараюся наведаць як мага больш мерапрыемстваў.

Дзед Мароз з сяброўкамі з Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:

– Спадабалася прадстаўленне каля ёлкі. Шмат казачных герояў, усе вясёлыя, шумныя. Навагодняя красуня-ёлка кожны год радуе сваім убранствам: сняжынкі, гірлянды.

Вясёлая каманда КСУП “Жукоўшчына”:

Святочны настрой адчуваем з пачатку снежня, калі паступова ўключаліся навагоднія агні ва ўпрыгожаных школах, магазінах, прадпрыемствах. З сённяшняга дня адчуванне пераднавагодніх святаў яшчэ большае: зазіхацела ёлка, і ўключылі ўсю ілюмінацыю на плошчы, вакол гучыць музыка.

Казачныя героі з Дзятлаўскага сырзавода:

– Мы заўсёды прамаем удзел у традыцыйным шэсці Дзядоў Марозаў і Снягурачак. Гэта цудоўнае свята для нас і нашых дзяцей. Атрымалі зарад станоўчых эмоцый. Напярэдадні навагодніх святаў усім жадаем моцнага здароўя і вясёлага настрою.

Сям’я Конан:

– Мы ўсёй сям’ёй прыйшлі сёння на цэнтральную плошчу горада, каб разам убачыць, як запальваюцца агні на навагодняй ёлцы. Тут весела і цікава. Вельмі спадабалася канцэртная праграма і роставыя лялькі. Наша дачка Маргарыта з імі сфатаграфавалася.

Вера Грачова з унучкай:

– Настрой цудоўны. Атрымалася сапраўднае свята і для дзяцей, і для дарослых. Атрымалі зарад станоўчых эмоцый. Жадаю ўсім дзятлаўчанам весела сустрэць Новы год і Каляды.

Таццяна ГРЫЦУК