Праект “Good mood”: экалогія з добрым настроем

Грамадства Свежыя навіны

Дыплом першай ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на рэспубліканскім конкурсе экалагічных праектаў “Зялёная школа” заваявалі Ірына Лагун, загадчыца аддзела эколага-біялагічнай работы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, і Алеся Жылінская, метадыст Цэнтра.

Яны сталі пераможцамі намінацыі “Экалагічная ініцыятыва “Зялёны стартап-праект” (накірунк “Зялёная вуліца”) за распрацоўку экалагічнай інтэрактыўнай пляцоўкі “Good mood” (у перакладзе – “Добры настрой”).

Цікава было даведацца, якія ідэі ляглі ў аснову праекта-пераможцы, чым ён прывабіў журы конкурсу.

Ірына Вікенцьеўна і Алеся Сяргееўна расказалі, што ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава навучаюцца не толькі здаровыя дзеці, але і нямала асаблівых дзетак. Ідэя праекта заключалася ў стварэнні іх экалагічнай інтэрактыўнай пляцоўкі.

Сваю пляцоўку распрацоўшчыцы праекта вырашылі падзяліць на некалькі зон – тэматычных пляцовак. Першая – гэта сэнсарная дарожка, якая спрыяе развіццю пачуццяў раўнавагі і каардынацыі рухаў. Другая – цяпліца з духмянымі раслінамі, такімі як мята, базілік. У сілу сваіх магчымасцяў дзеці маглі б клапаціцца аб пасадках ці проста назіраць, як яны растуць, дакрануцца да іх, адчуваць іх пах. Наступная зона – з арэлямі для інвалідаў-калясачнікаў. Яшчэ адна пляцоўка, спартыўная, для настольнага тэнісу, міні-гольфа, іншых гульняў суадносна з індывідуальнымі магчымасцямі дзяцей. Далей – фотазона. Затым – адкрытая летняя альтанка, дзе дзеці могуць займацца са спецыялістамі Цэнтра і валанцёрамі. А яшчэ, тактыльны заапарк, дзе можна пагладзіць або пакарміць жывёлін. Праект інтэрактыўнай пляцоўкі “Good mood” быў скіраваны на стварэнне безбар’ернага асяроддзя, прывіццё талерантных адносінаў да асаблівых дзяцей. Гэта ідэя зацікавіла сваёй актуальнасцю спачатку абласное журы, а затым і рэспубліканскае.

Накірунак конкурсу “Зялёная вуліца” праходзіў пад дэвізам “Ствараем, праецыруем, візуалізуем будучыню”. Удзельнічалі ў ім нерэалізаваныя праекты-ідэі, якія пры пэўных умовах і ўдзеле спонсараў можна ўвасобіць у жыццё. Цікава было даведацца ў Ірыны Лагун і Алесі Жылінскай, у якім менавіта мікрараёне нашага горада яны хацелі б бачыць сваю інтэрактыўную пляцоўку.

– Мяркуем, самым лепшым месцам для яе мог бы стаць яблыневы сад, які знаходзіцца побач з Цэнтрам творчасці. Зразумела, што вывучаць экалогію асаблівым дзецям лягчэй на канкрэтных прыкладах, але без дапамогі ім цяжка трапіць у лес ці на вопытны ўчастак. Калі ж пачуць спевы птушак або ўдыхнуць водар кветак можна ў межах горада – гэта аблягчае задачу.

Спыняцца на дасягнутым Ірына Лагун і Алеся Жылінская не збіраюцца. У іх ужо з’явіліся новыя цікавыя задумкі, але раскрываць сакрэты спецыялістаў пакуль рана. Пажадаем ім новых поспехаў.

 

Ірына СТЫРНІК