Падарунак для яварскай царквы

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У невялікай вёсачцы Явар стаіць на ўзгорку прыгожая царква ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.

І хоць прыхаджан у ёй сёння зусім няшмат, але яна жыве сваім ціхім жыццём. Жыве не на паказ, і гучыць у ёй шчырая малітва.

Першае ўпамінанне пра гэты храм было ў 1865-68 гадах. Ён быў драўляны, потым згарэў. Толькі ў 1926 годзе на яго месцы была пабудавана новая царква з цэментных блокаў і цэглы ў выглядзе крыжа, якая прабыла да пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя. А з 1993 года храм быў узноўлены дзякуючы ініцыятыве аднаго чалавека па імені Канстанцін, простага шафёра ў калгасе. Сённяшняму храму ўсяго 26 гадоў, але тут захоўваецца неперадаваемая атмасфера дабрыні, спакою, святасці. А непадалёку ад храма расце дуб-волат, якому, гавораць мясцовыя жыхары, каля пяцісот гадоў. Ён нібы беражэ і ахоўвае сваю царкву.

Служыць у гэтым храме добры і шчыры святар –  айцец Аляксей Лаўнік. Кожнага пастаяннага прыхаджаніна ён ведае асабіста, штораз пры сустрэчы цікавячыся яго справамі. Вельмі любіць і заўжды з усмешкай вітае ў сваім храме гасцей. Так, быў вельмі рады бацюшка, калі адным снежаньскім нядзельным ранкам прыехалі на службу ў Явар яго сябры – дзятлаўчане Мікалай Варабей і Сяргей Сташэнка. Яны прывезлі ў падарунак царкве сем вялікіх новых ікон. Для маленькага храма  –  вельмі важкі набытак. Гэта быў прыемны сюрпрыз як для святара, так і для прыхаджан.

–  Я вельмі ўдзячны за такі добры ўчынак маім сябрам Мікалаю і Сяргею, нізкі ім паклон, – адзначыў айцец Аляксей. – Гэтыя іконы будуць знаходзіцца ў царкве столькі, колькі яна будзе існаваць, і, мабыць, не аднаму пакаленню людзей будуць дапамагаць у малітве і пакаянні. Не часта храму дораць такія падарункі. За апошнія гадоў дваццаць былі падораны толькі чатыры іконы.

Айцец Аляксей вырашыў, што тры іконы павесяць у алтары, а чатыры – у храме. А яшчэ ён адзначыў, што ў храме заўжды моляцца за тых, хто ахвяруе.

У сваёй нядзельнай пропаведзі святар скіраваў увагу на тое, што ўсё навакольнае, бывае, чакае ад нас нейкага добрага ўчынку, але многія, на жаль, адвыклі яго рабіць:

–  Часам мы не звяртаем увагі, што дапамога патрэбна нашым суседзям, знаёмым, нават нейкай бяздомнай жывёліне на вуліцы. Не трэба быць раўнадушнымі, гэта вельмі дрэнна. Заўважайце, каму вакол вас неабходная дапамога, і дапамагайце, наколькі можаце. Таксама заўжды трэба памятаць, што мы на гэтай зямлі не вечныя, а калі паўстанем перад Госпадам, які мы будзем даваць яму адказ, як мы пражылі жыццё? Застаецца толькі спадзявацца на міласць Божую. Неабходна старацца жыць па сумленні і не прывязвацца да зямнога, асабліва да грошай. Калі мы душу сваю пакінем з грашыма, то мы яе згубім, а калі мы свае сілы патрацім дзеля Бога, то набудзем для сваёй душы выратаванне і Царства Нябеснае.

Мікалай Варабей расказаў, чаму менавіта гэтаму храму захацелася падарыць іконы:

–  Я прыязджаў у яварскую царкву раней. Са шкадаваннем заўважаў кожны раз, што няшмат тут вялікіх ікон, якія ствараюць у храме Божым менавіта веліч, хараство. Некалькі месяцаў таму я падарыў дзве іконы, якія айцец Аляксей павесіў у алтары. І святар, і прыхаджане былі вельмі радыя такому падарунку. І ў мяне ўзнікла думка набыць некалькі вялікіх ікон. Калі падзяліўся гэтым з нашым благачынным, айцом Іаанам, ён прывёз выявы ікон. І ўжо мы з маім сябрам Сяргеем Сташэнкам заказалі ў Баранавічах рамкі і шкло для іх.

Гэты наш падарунак, як гаворыцца, зусім не для пахвалы, а проста каб паказаць, што царква жыве, хоць, на жаль, прыходзіць у яе вельмі мала людзей. Хочацца, каб людзі наведвалі храм часцей, маліліся, ачышчалі душу.

Варта спадзявацца, што кожны з нас у жыцці будзе рабіць добрыя ўчынкі. І зусім не для славы і пахвалы.

 

Святлана ГРЫШЫНА