Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Дзятлаўшчыны!

Важнае Да ведама грамадзян Свежыя навіны

І зноў, як штогод, мы адзначаем радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння, калі дома ладзім ялінкі, купляем падарункі дзецям і спяшаемся да касцёла, каб у роздуме стаць каля ясляў, дзе знаходзіцца фігурка Немаўляткі Езуса, каб падзякаваць Богу за такі вялікі дар Яго любові.

Езус нарадзіўся два тысячагоддзі таму, але праз паслугу Касцёла Ён нараджаецца і сёння, у 21 стагоддзі, голасам Касцёла стукае ў нашы сэрцы. Езус стукае ў сэрцы і хоча, каб мы пачулі Яго стук і знайшлі Яму месца, бо толькі ў Ім чалавек будзе шчаслівы.

Дарагія браты і сёстры! Сёння мы радасна ўсклікаем: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!”. Няхай наша Бацькаўшчына – Беларусь – стане краінай сапраўднага праслаўлення Бога! Няхай у ёй запануе Божы спакой, узаемная згода і паразуменне!

Ад усяго сэрца віншую ўсіх вас са святам Божага Нараджэння. Віншую католікаў і праваслаўных братоў і сёстраў і жадаю ім падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу. Віншую ўсіх людзей добрай волі! Радасных, шчаслівых, поўных Божай ласкі і прысутнасці Хрыста ў нашых сэрцах святаў і шчаслівага надыходзячага Новага года.

Хрыстус нарадзіўся – Бог аб’явіўся! З гэтымі пажаданнямі ў знак нашай еднасці дзялюся з усімі вамі аплаткай і, памятаючы ў малітве, ад усяго сэрца благаслаўляю.

 

Здзіслаў ПІКУЛА,
ксёндз-пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі горада Дзятлава