Ад простага электраманцёра да галоўнага інжынера

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Такі працоўны шлях прайшоў за 19 гадоў Віктар Роўба, галоўны інжынер РЭС.

У 2000-м ён прыйшоў працаваць у Дзятлаўскі раён электрычных сетак: спачатку быў электраманцёрам, затым яго прызначылі майстрам участка, і вось чатыры гады ён — галоўны інжынер прадпрыемства. Працу Віктар Роўба сумяшчаў з вучобай: спачатку скончыў Жыровіцкі тэхнікум, а затым Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт.

Пра свайго падначаленага начальнік РЭС Міхаіл Ступчык кажа коратка, але ёмка: чалавекна сваім месцы, надзейны, адказны, жыве працай і “хварэе” за сваю працу і калектыў.

Імкненне спасцігаць новае, набываць навыкі і павышаць майстэрства вызначалі Віктара Роўбу яшчэ тады, калі працаваў на ніжэйшых пасадах. На яго ўчастку, як адзначае Міхаіл Ступчык, заўсёды была належная вытворчая дысцыпліна, выконваліся заданні, якасна вялася дакументацыя. Менавіта адказнасць і патрабавальнасць дапамаглі маладому спецыялісту стаць сапраўдным прафесіяналам.

Сённяшнія клопаты галоўнага інжынера скіраваны найперш на ўкараненне і асваенне новых тэхнічных сродкаў і абсталявання, новага праграмнага забеспячэння, усяго таго, што дазваляе павысіць надзейнасць і якасць энергазабеспячэння.

З абавязкамі,якія ўскладзены на галоўнага інжынера РЭС, Віктар Роўба спраўляецца паспяхова. Пацвярджэнне таму шматлікія ўзнагароды і заахвочванні ад РУП “Гроднаэнерга”, філіяла “Ваўкавыскія электрычныя сеткі”, куды ўваходзіць наш РЭС. З нядаўніх адзнак гэта грамата Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта да 60-годдзя ўтварэння Гродзенскай энергасістэмы.

Дваццаты раз  Віктар Роўба будзе адзначаць прафесійнае свята, свята тых, хто забяспечвае нас такой жыццёва неабходнай выгодай, як электраэнергія. Поруч з ім працуюць яшчэ 87 чалавек, і ўсім ім, сапраўднай камандзе Дзятлаўскага РЭС, Віктар Вікенцьевіч зычыць здароўя, поспехаў, дабрабыту.

 

Іна ЯЎСЕЙЧЫК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ