Як распазнаць рак малочнай залозы?

Свежыя навіны

У Беларусі, як і ва ўсім свеце, павялічваецца колькасць захворванняў на рак малочнай залозы ў маладых жанчын.

Пік захваральнасці гэтым відам раку прыходзіцца на 45-69 гадоў. Аднак сёння штогод праходзяць лячэнне пацыенткі ваўзросцеда 30 гадоў. Ёсць выпадкі, калі рак грудзей развіваецца на фоне цяжарнасці або адразу пасля родаў. Такія пухліны працякаюць вельмі агрэсіўна і маюць дрэнны прагноз.

Рак у маладых жанчын – сусветная тэндэнцыя, звязаная як з павелічэннем фактараў рызыкі, так і з паляпшэннем дыягностыкі.

Па-першае, у групе рызыкі знаходзяцца жанчыны, чые матулі, сёстры ці бабулі хварэлі на рак малочнай залозы ці органаў малога таза. Па-другое, фактарам рызыкі з’яўляюцца аборты, адсутнасць цяжарнасці і позняе спыненне менструацыі (пасля 55 гадоў). Прычынамі раку грудзей таксама могуць быць працяглае ўжыванне гарманальных кантрацэптываў і траўмы малочнай залозы.Таму самаабследванне павінна быць абавязковае для кожнай жанчыны. Інфармацыю пра тое, як яно праводзіцца, можна знайсці на стэндах ва ўсіх жаночых кансультацыях і ў Інтэрнэце. Зразумела, дробныя ўтварэнні ў міліметр жанчына не прапальпуе, але больш буйныя – верагодна. Калі вы знайшлі ў сябе такое ўтварэнне, панікаваць не трэба – хутчэй за ўсё, яно дабраякаснае. Але праверыцца ў доктара варта.

Трэба памятаць, што кожная жанчына ва ўзросце 50-69 гадоў павінна прайсці мамаграфію. Калі ёсць паказанні, гэтая працэдура можа прызначацца доктарам і раней. Але звычайна маладым жанчынам прапануюць ультрагукавую дыягностыку малочных залозаў. Яе пажадана праходзіць штогод, асабліва тым пацыенткам, якія маюць мастапатыю.

 

Інэса ГУСЕВА,
доктар-эндакрынолаг Дзятлаўскай ЦРБ