“Ветэраны ў страі” – зноў першыя

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

У кастрычніку ў горадзе Бярозаўка прайшоў адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў прыпевак “Гучыць прыпеўка звонкая”.

Дзятлаўшчыну на конкурсе прадстаўлялі ўдзельнікі народнага хору ветэранаў працы “Ветэраны ў страі” – Ірына Бакшук, Яўгенія Цыгель, Ала Кучынская, Сяргей Малышчык, Таццяна Шостка, Васіль Шпігановіч, а таксама Таццяна Загорцава з Новаяльнянскага дома культуры.

Уражаннямі ад удзелу ў фестывалі і дасягненнямі падзялілася Таццяна Шостка, якая з’яўляецца кіраўніком хору “Ветэраны ў страі”:

– Калі ў метадычным аддзеле Дзятлаўскага цэнтра культуры нам прапанавалі паспрабаваць свае сілы на конкурсе, мы адразу згадзіліся, але захацелі нечым здзівіць, таму прыпеўкі прыдумалі самі. У адрозненні ад іншых канкурсантаў, мы выконвалі не ўсім вядомыя прыпеўкі, а свае – спявалі пра Дзятлава, “Сырную страну”, “Радон”, пра наш калектыў. Таксама ў нас былі прыгожыя касцюмы, цудоўны акампанемент – мы ўжывую ігралі на розных музычных інструментах. І гледачы, і журы былі ў захапленні ад нашага выступлення, прымалі на ўра.

Варта адзначыць, што арганізацыя фестывалю была на высокім узроўні. Нам усё спадабалася, былі задаволеныя, што паехалі. У нас быў усяго тыдзень на падрыхтоўку, рэпеціравалі кожны дзень, і намаганні нашы аказаліся не дарэмныя: у намінацыі “Ансамбль выканаўцаў прыпевак” (ад 51 года) дыплом І ступені атрымала вакальная група народнага хору ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”; у намінацыі “Саліст-выканаўца прыпевак” дыплом І ступені – у Васіля Шпігановіча, дыплом ІІІ ступені – у Таццяны Загорцавай.

Кожны ўдзельнік фестывалю атрымаў падарунак, што вельмі прыемна. На конкурсе нават жартавалі, што Дзятлава прыехала і ўсе падарункі забрала.

Святлана ГРЫШЫНА