Успамінаем. Што адметнае пабачылі на “Дажынках”?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

З такім пытаннем звярнуліся да дзятлаўчан – удзельнікаў абласнога свята «Дажынкі».

Павел Сухецкі, трактарыст-машыніст КСУП “Войневічы”:

На “Дажынках” – адкрыцці, узнагароджанні – прысутнічаў не раз. Але ўсё роўна адчуваеш нейкае хваляванне, калі называюць тваё прозвішча і трэба ісці атрымліваць узнагароду.

Адкрыццё свята заўсёды прыгожае і відовішчнае.

Зразумела, мяне, як механізатара, цікавяць розныя сельскагаспадарчыя машыны. Вельмі падабаюцца выставы тэхнікі, асабліва Мінскага трактарнага завода. Добра, што і дарослыя, і дзеці могуць пабачыць, ацаніць, параўнаць тэхніку, а хто смялейшы, пазадаваць пытанні.

Марыя Ціхан, начальнік аддзела прагназавання, фінансавання і справаздачнасці АПК упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама:

– Мне давялося пабыць на “Дажынках” у Іўі. Пабачыла падворкі, гандлёвыя рады, паслухала выступленні артыстаў. У Смаргоні на свяце было не менш займальна. Кожны раён прыклаў шмат намаганняў, каб выглядаць адметна. Пабачыць набыткі суседзяў, калегаў цікава: якія падворкі ў Ліды, Слоніма, Навагрудка…

На гэтым свяце праводзіўся конкурс на самую вялікую агародніну. Удзельнікі прывезлі веліканаў – гарбузы, буракі, моркву, бульбу, капусту. Глядзіш і дзівішся прыродзе і людскім рукам.

А яшчэ мне, як гаспадыні,  цікава было паглядзець на караваі.

Вольга Цюшляева, дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея:

– На свята ў Смаргонь мы прывозілі сваю выставу, і яна экспанавалася на дзятлаўскім падворку. Мяне ж, як музейнага работніка, зацікавіў на “Дажынках” этнаграфічны музей пад адкрытым небам “Ад сявенькі да хлеба”. Там можна было пабачыць прылады сялянскай працы, паслухаць абрадавыя песні, самому паўдзельнічаць і атрымаць уяўленне пра сялянскі занятак.

Яшчэ цікава было пабыць на пешаходным бульвары. Там на тэатралізаваных пляцоўках узнаўлялася мінулае Смаргоні: працавалі чысцільшчыкі абутку, бараначніцы, мастакі.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ