Сакрэты даўгалецця Леангіны Стракоўскай

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, прымеркаванага да 75-годдзя Гродзенскай вобласці і Года малой радзімы, сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці праводзіць культурна-пазнавальную экспедыцыю пад назвай “Па сакрэты даўгалецця”.

На гэты раз сакрэтамі свайго даўгалецця дзялілася Леангіна Баляславаўна Стракоўская, якая нарадзілася і жыве ў вёсцы Жыбарты. Сёлета жанчыне споўнілася 90 гадоў.

Бацькі яе былі сялянамі, працавалі на зямлі і трымалі гаспадарку. У сям’і было сямёра дзяцей, на жаль, чацвёра з іх памерлі ў дзяцінстве.

— Колькі класаў я скончыла, дакладна не адкажу, – успамінае Леангіна Баляславаўна. – Два класы пры польскай уладзе, два – пры савецкай. Вучылася і ў Жыбартоўскай школе, і ў школе ў Агародніках. Толькі паспелі прывыкнуць да аднаго, як усё змяняецца. Такі быў час складаны. Нялёгка жылося і ў вайну. Страшна было глядзець на поле каля вёскі, усё перакапанае. Там былі акопы, салдаты бегалі. Мая сям’я жыла каля лесу, у якім былі партызаны, таму немцы туды не хадзілі і нас не чапалі.

Усё жыццё Леангіна Стракоўская працавала ў калгасе паляводам. Гаворыць, уздыхаючы, што вельмі нялёгкая была праца. А вось пра сваю сям’ю расказвае з ажыўленнем:

— З мужам на танцах пазнаёмілася, праўда, тату майму ён не адразу спадабаўся. Спачатку нават замуж не пускаў. Але мы ўсё ж ажаніліся і пражылі ў шлюбе 35 гадоў. На жаль, 30 гадоў, як мужа ўжо няма. Пасля яго смерці цяжка было, але жыла дзеля нашых дзяцей. У мяне два сыны і дачка. Усе маюць вышэйшую адукацыю, яны мой гонар. Яшчэ ў мяне пяць унукаў і два праўнукі. Хачу, каб і яны атрымалі вышэйшую адукацыю.

У нас ёсць сямейная традыцыя: тры разы на год – на куццю, Вялікдзень і ў дзень смерці мужа — мы збіраемся ўсёй сям’ёй. Але і ў іншыя дні яны мяне не забываюць. Дзеці – гэта для мяне самае важнае ў жыцці. Яны едуць, нясуць, дапамагаюць, цэняць, адносяцца з цеплынёй і любоўю. І заўсёды паважліва звяртаюцца да мяне на “вы”.

— У чым сакрэт даўгалецця? – разважае доўгажыхарка. – Ніякага сакрэту няма. Проста жывіце, і жывіце шчасліва, жывіце, як атрымліваецца і як падказвае вам сэрца. Ну і, вядома, беражыце здароўе, без яго нікуды.

Лізавета ГРЫВАЧЭЎСКАЯ