На выбары – першы раз

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Вензавецкі выбарчы ўчастак № 1 размяшчаецца ў мясцовай школе.

У дзень нашага прыезду на ўчастку працавалі Валянціна Макарэвіч і Аксана Роўба.

Пацікавіліся, ці многа тых, хто будзе галасаваць упершыню?

– А ў нас сярод 1090 выбаршчыкаў – толькі адзін “навічок”. І той ужо ўчора прагаласаваў, — расчаравала паведамленнем Валянціна Макарэвіч.

Аказалася, што гэта яе цёзка па прозвішчы — Макарэвіч Паліна з вёскі Сачыўляны. Дзяўчына вучыцца за мяжой, але знайшла час паўдзельнічаць у выбарах.

– Па-праўдзе, мы былі прыемна ўражаны такім адказным стаўленнем да свайго грамадзянскага абавязку, — зазначыла Валянціна Эдуардаўна. – Паліна прыехала здалёк. Прагаласавала датэрмінова, бо ўжо ў нядзелю з’язджае на заняткі.

На першым выбарчым участку датэрмінова прагаласаваў і першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Бабіна. Тут, па месцы жыхарства, ён галасуе пастаянна.

Пацікавіліся ў Міхаіла Вікенцьевіча, чаму ён галасуе датэрмінова?

– Я вызначыў, за каго аддам свой голас. Выбар мой сур’ёзна абдуманы і асэнсаваны. Таму галасую датэрмінова.

Ірына СКРУНДЗЬ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: