На вулiцы восень, а мы ўсмiхаемся

Культура і адпачынак Свежыя навіны

Восеньскiя канікулы — першыя ў навучальным годзе і, нягледзячы на тое, што пасля летніх канікул дзеці яшчэ поўныя моцы і энергіі, усё роўна малеча чакае гэты тыдзень адпачынку з вялікім нецярпеннем.

А для бацькоў набліжэнне восеньскіх канікул суправаджаецца галаўным болем, бо паўстае праблема арганізацыі адпачынку дзіцяці. Што ж прыдумаць, каб канікулы прайшлі цікава і з карысцю? Як арганізаваць дзіцяці такія канікулы, каб яно набралася сіл і як след адпачыла, але ў той жа час не засумавала, а атрымала новыя ўражанні і станоўчыя эмоцыі?

Ужо каторы год запар на базе нашай школы амаль на кожных канікулах функцыянуе аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей «Усмешка». Не сталі выключэннем і сёлетнія восеньскія канікулы. 1лістапада лагер адчыніў свае дзверы для 28 выхаванцаў.

Кожны дзень у лагеры быў па-свойму адметны і незвычайны, не падобны адзін на другі. За 6 дзён хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі паўдзельнічаць у мерапрыемствах рознага напрамку: гульнях-падарожжах «Кветачка-вясёлка» і «Мая малая радзіма», кункурсах малюнкаў «Мая любімая казка», «Краіна бяспекі», «Малая радзіма вачыма дзяцей», квэст-гульні «Любімы край: любі і ведай», гульнёвай праграме «Восеньскія вячоркі», спартыўных спаборніцтвах. Асабліва дзецям спадабаліся конкурсна-гульнёвыя праграмы, прысвечаныя адкрыццю і закрыццю лагернай змены, якія падрыхтавалі для іх наведвальнікі тэатральнага гуртка на чале з Каско І.І. Выхаванцы «Усмешкі» змаглі паўдзельнічаць у разнастайных конкурсах, шоу мыльных пузыроў, паспяваць і нават патанцаваць.

Нягледзячы на тое, што на вуліцы восень і лісце з дрэў ападае, выхаванцы нашага лагера вырашылі працягнуць гэтую пару надалей: кожны дзень яны саджалі ў “парку настрою” якое-небудзь дрэва і ўпрыгожвалі яго лісцем пэўнага колеру, які адпавядаў іх настрою, а таксама з гэтых дрэў ставілі ў вазу лісток, на якім былі адзначаны тыя падзеі, якія ім найбольш спадабаліся. Так пад канец змены яны сабралі прыгожы букет з асенняга лісця.

Для кожнага дзіцяці лагер «Усмешка» адкрыўся з розных бакоў: хтосьці знайшоў новых сяброў, хтосьці адкрыў у сабе новыя творчыя здольнасці, а хтосьці навучыўся не засмучацца пры няўдачах. Спадзяёмся, што дні, праведзеныя ў школьным лагеры, надоўга запамятаюцца дзецям і застануцца прыемнымі ўспамінамі.

Н.А. Бурдун,
старэйшы выхавацель лагера «Усмешка» СШ № 1 г. Дзятлава