Калі ўсе святы – сямейныя

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У доме Алены і Юрыя Мацюкоў з аграгарадка Раготна ніколі не бывае сумна.

Ды і не хапае часу сумаваць шматдзетным бацькам, у якіх не трое і не чацвёра, а сямёра дзяцей. Кожны дзень ім прыносіць новыя радасці і новыя клопаты.

 

– У нас выдатныя дзеці, якімі ганарымся, – дзеліцца сямейнымі сакрэтамі Алена Мацвееўна, – яны асаблівых праблем не дастаўляюць, старэйшы сын ужо працуе, сярэднія – вучацца, малодшы яшчэ наведвае дзіцячы садок. Галоўнае для нас з мужам, каб усе яны раслі здаровымі, сталі добрымі людзьмі, на гэта і скіроўваем свае бацькоўскія намаганні. Найбольш клопатаў вялікай сям’і, на маю думку, дастаўляе быт. Я, напрыклад, пастаянна жартую, што “жыву” на кухні.

Алена Мацвееўна выдатная гаспадыня: яна смачна гатуе, па-майсэрску пячэ бісквіты і пірагі, бо скончыла Баранавіцкі кулінарны тэхнікум. Расказвае, што любімыя стравы сям’і – гэта дамашнія пельмені і галубцы, а на вялікія святы дзеці самі шукаюць цікавыя рэцэпты, дапамагаюць прыгатаваць “навінкі”, клапоцяцца, каб святочны стол быў багаты.

– Нас шмат, і ўсе важныя святы ў нас – сямейныя, – зазначае шматдзетная маці, – гэта ўжо традыцыя. З задавальненнем рыхтуемся да Новага года, Вялікадня, Калядаў. З радасцю збіраемся за адным сталом. Нашай вясёлай кампаніі заўсёды ёсць аб чым паразмаўляць: абмяркоўваем планы на будучыню, расказваем пра поспехі.

Варта зазначыць, што і маленькія, і значныя дасягненні ёсць у кожнага члена гэтай вялікай сям’і. Алена Мацвееўна, напрыклад, у 2010 годзе ўшанавана ордэнам Маці, але ўпэўнена, што гэтай узнагароды не атрымала б, каб побач не было надзейнага, працавітага мужа Юрыя Іванавіча. Ён тая “сцяна”, за якой шматдзетнай матулі спакойна і ўтульна. Менавіта за дабрыню, унутраную культуру і мудрасць Алена палюбіла свайго Юрыя. Ён быў сябрам старэйшага брата і, як жартуе жанчына, “выгадаваў сваю нявесту”. Для Алены Мацвееўны і цяпер муж – гэта добры сябар, дарадца і абаронца.

– Мы ніколі не думалі, што будзем шматдзетнымі, але на рашэнне жанчыны нараджаць, ці не, заўсёды ўплывае меркаванне другой палавінкі, – разважае мая субяседніца, – будзе падтрымка – будуць і дзеці. Важна толькі глыбока разумець, што нараджаем іх для сябе, таму павінны быць упэўнены, што паставім на ногі, выгадуем, што жыць яны будуць у дастатку, а таму давядзецца шмат працаваць, забыўшыся на ўласныя інтарэсы.

Юрыя Іванавіча жонка па праву называе “здабытчыкам”. Ён працуе пчаляром у КСУП “Вензавец” і “Войневічы”, клапоціцца пра ўласную пасеку, якую Мацюкі трымаюць на дачы. Мужчына плануе калі-небудзь паспрабаваць сябе ў ролі індывідуальнага прадпрымальніка, бо шматгадовы вопыт работы з пчоламі дае свой плён, хочацца далей развівацца ў гэтым кірунку. Яшчэ адно сур’ёзнае захапленне гаспадара –  паляванне, якое ён сумяшчае з выкананнем абавязкаў егера. Не менш любіць Юрый Іванавіч парыбачыць. Але, на жаль, вольны час для гэтага выдаецца не часта, бо дома і на дачы працавітых рук патрабуе вялікая гаспадарка, а ў летні сезон яшчэ і агарод.

Шматдзетныя бацькі імкнуцца прывучаць да работы сваіх дзяцей, але заўсёды нагадваюць ім, што галоўны абавязак – гэта вучоба. Мараць, што кожны з сыноў і дачок знойдзе сваё месца ў жыцці, рэалізуе ўласныя здольнасці.

Напрыклад, старэйшы сын Юрый шмат гадоў захапляўся спортам і мае важкую скарбонку ўзнагародаў. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, атрымаў дыплом з адзнакай, цяпер працуе ў Дэпартаменце аховы МУС Рэспублікі Беларусь у Мінску. Бацькі ім ганарацца.

Радуюцца і за старэйшую дачку Анастасію, якая вырашыла прысвяціць сябе медыцыне. Цяпер яна навучэнка медыцынскага каледжа горада Слоніма, у далейшым марыць атрымаць яшчэ і вышэйшую медыцынскую адукацыю, таксама захапляецца замежнымі мовамі.

Дзесяцікласніка Арцёма прывабліваюць ваенныя спецыяльнасці або служба ў МНС. Хлопец вучыцца ў Дварэцкай сярэдняй школе, ён, як і старэйшы брат, паспяховы ў спорце: ходзіць на заняткі ў секцыю па баскетболу, лёгкай атлетыцы, катаецца на лыжаролерах, прымае ўдзел у раённых спаборніцтвах.

Сямікласнік Павел, наадварот, любіць сур’ёзныя навукі – матэматыку і інфарматыку. Ён разважлівы, спакойны, добра разбіраецца ў камп’ютарнай тэхніцы. Магчыма, у далейшым захоча стаць праграмістам.

Пяцікласніца Кацярына, па словах матулі, “жыве і дыхае спортам”, магчыма, ён яе прываблівае нават больш, чым старэйшых братоў. Таксама Каця любіць чытаць, у яе выдатна атрымліваецца дэкламаваць вершы. Марыць дзяўчынка аб прафесіі ветэрынарнага доктара, бо вельмі любіць жывёлін і хоча ім дапамагаць. Пакуль цяжка вызначыць, якое з захапленняў яна выбера ў дарослым жыцці.

Трэцякласніца Марыя, або Маша, як яе называюць родныя, вельмі нагадвае галоўную гераіню папулярнага мультфільма “Маша і Мядзведзь”, настолькі яна жывая і актыўная. Матуля жартуе, што ў адным дзіцяці спалучыліся адразу ўсе якасці іншых членаў сям’і. Марыя мэтанакіраваная, любіць пастаянна знаходзіцца ў цэнтры падзеяў.

Малодшы сын Мікалай у наступным годзе пойдзе ў першы клас, але ўжо сёння бацькі ўпэўнены, што ён – будучы “айцішнік”: хлопчык вельмі хутка цяміць, як працуе разумная тэхніка. Ён добра запамінае вершы і з нецярпеннем чакае, калі стане школьнікам.

Галоўны сакрэт сямейнага выхавання Мацюкоў – быць дастойнымі прыкладамі для сваіх дзяцей. Бацькі цвёрда ўпэўнены: якасці, закладзеныя ў дзяцінстве, застаюцца з чалавекам на ўсё жыццё. Сваіх сыноў і дачок Юрый і Алена вучаць быць дружнымі, прыходзіць адзін аднаму на выручку, дапамагаць людзям. “Зярняткі” бацькоўскай мудрасці паволі прарастаюць у дзецях. Яны радуюць дарослых сваімі паводзінамі і вучобай, а бацькі цвёрда ўпэўнены, што іх жыццё праходзіць недарэмна, што наперадзе яшчэ шмат нагодаў для радасці і сямейных святаў.

 

Ірына КАЎКЕЛЬ