Ураджайныя краявіды

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Восень усё больш упэўненымі крокамі ўступае ў свае правы, а таму і завяршэнне асноўных сельскагаспадарчых работ – галоўная задача раённых сельгаспрадпрыемстваў.

Апошнім часам у яблыневым садзе КСУП “Жукоўшчына” актыўна кіпела работа па зборы ўраджаю садавіны. Прабеглі дні – і надышоў час з прыемнасцю адзначыць, што сёння сельгасработы па нарыхтоўцы яблыкаў у гаспадарцы завершаны. Агульная плошча яблыневых пасадак тут складае 80 гектараў.

Рэалізацыя яблыкаў ідзе пераважна на перапрацоўку: ураджай жукоўшчынскай садавіны прымае філіял “Слонімскі вінна-гарэлачны завод” ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод”, садовую прадукцыю для насельніцтва рэалізуюць два магазіны пад агульнай назвай “Ветразь” у аграгарадках Жукоўшчына і Гезгалы, таксама плануецца ажыццяўляць продаж яблыкаў на сезонных раённых кірмашах і на цэнтральным рынку ў Дзятлаве. Яблыкі для насельніцтва прадаюць па даступных цэнах.

Справіцца са зборам ураджаю садавіны  сельгаспрадпрыемству штогод дапамагаюць работнікі міжраённай ветэрынарнай лабараторыі, раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін, паляводы мясцовага прадпрыемства. Сёлета значную дапамогу аказалі работнікі банкаў, раённай бібліятэкі, установаў культуры.

Паралельна ў гаспадарцы падыходзяць да завяршэння работы па ўборцы ўраджаю бульбы, поўнасцю справіцца з пастаўленымі задачамі работнікі сельгасарганізацыі плануюць у бліжэйшыя дні. Сёлета ў КСУП “Жукоўшчына” было пасаджана 80 гектараў бульбы сартоў “скарб”, “гала”, “уладар”, “маніфест”. Па стане на 15 кастрычніка ўраджай сабраны з плошчы 66, 5 гектара, сярэдняя ўраджайнасць па гаспадарцы складае 260 цэнтнераў з гектара.

У добрым тэмпе ладзяцца работы па нарыхтоўцы і транспарціроўцы цукровых буракоў. Сёлета ўраджай гэтай культуры ў гаспадарцы плануецца сабраць з плошчы 150 гектараў, сярэдняя ўраджайнасць па гаспадарцы цяпер складае 500 цэнтнераў з гектара.

Па стане на 15 кастрычніка выкапана і падрыхтавана да транспарціроўкі 3500 тон караняплодаў. Рэалізацыя сельскагаспадарчай прадукцыі ажыццяўляецца пераважна на вытворчае прадпрыемства ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”.

У бліжэйшых планах работнікаў КСУП “Жукоўшчына”– убіраць сталовыя буракі, моркву, капусту.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ