Такая разнапланавая субота!

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Ярка і насычана праходзяць шостыя школьныя дні ў Хвінявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе.

Амаль кожную суботу адбываюцца разнастайныя мерапрыемствы, якія садзейнічаюць умацаванню здароўя і сіл навучэнцаў, развіццю іх здольнасцей. Для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія наведваюць установу, гэта час адкрыццяў і прыгод, час гульні і працы.

Адным з важных накірункаў арганізацыі шостага школьнага дня з’яўляецца працоўнае выхаванне непаўналетніх. Так, у гэту суботу, 19 кастрычніка, старшакласнікі прынялі ўдзел у акцыі «Чысты лес». Намаганнямі валанцёраў установы адукацыі, класных кіраўнікоў старшакласнікаў была ачышчана ад смецця прыдарожная тэрыторыя на вёску Накрышкі плошчаю ў 1 гектар. Гэта наш уклад у экалогію краіны!

Перад навучэнцамі заўсёды стаіць праблема выбару будучай прафесіі. Каб дапамагчы ім з гэтым, на суботні дзень плануюцца мерапрыемствы прафарыентацыйнага накірунку. Навучэнцы V-VII класаўу суботні дзень паўдзельнічалі ў прафарыентацыйнай гульні “Што? Дзе? Калі?”. Рабяты ўявілі сябе членамі клуба знаўцаў прафесій. Прадстаўнік каманды выбіраў пытанне пэўнай серыі. Пытанні былі звязаны з гісторыяй прафесій, прафесійнымі якасцямі. Адказваючы на пытанні “гледачоў”, навучэнцы набіралі запаветныя балы. Асабліва цікавымі аказаліся пытанні з серыі “Музычныя”. З перавагай ў 1 бал перамогу атрымала каманда знаўцаў.

Навучэнцы пачатковых класаў пабывалі на завочнай экскурсіі “Калейдаскоп прафесій роднага аграгарадка”. Спачатку яны расказалі аб тым, дзе і кім працуюць іх бацькі, а затым больш падрабязна знаёміліся з асаблівасцямі сельскіх прафесій з выкарыстаннем матэрыялаў прэзентацыі. З мэтай замацавання атрыманай інфармацыі была праведзена віктарына аб прафесіях, гульня “Хто больш”, дзе трэба было пералічыць назвы прафесій, аб якіх ішла гутарка. Напрыканцы завочнай экскурсіі рабяты расказалі аб тым, кім яны хочуць стать у будучым.

У кожнага чалавека ёсць месца, дзе ён нарадзіўся, вырас, дзе ўсё падаецца вельмі родным і любімым. Гэта месца, у якім мы нарадзіліся, зрабілі свае першыя крокі, спазналі радасць і шчасце, сум і крыўды, каханне. Наш аграгарадок вельмі прыгожы. З гэтых слоў пачалася экскурсія для навучэнцаў ІІІ-ІV класаў. Разам настаўнікамі дзеці наведалі значымыя мясціны свайго сельскага савета – Барыса-Глебскую царкву ў вёсцы Накрышкі і магілу былой медсястры Гулевай Марыі Паўлаўны, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны дапамагала параненым салдатам. Ля магілы жанчыны акцябраты падграблі лісце і ўсклалі кветкі. Стомленыя, але задаволеныя рабяты вярнулі дамоў.

Пры арганізацыі шостага школьнага дня мы імкнёмся ўлічваць асаблівасці, запыты ўсіх навучэнцаў. Толькі так атрымліваецца зрабіць суботу разнапланавай, цікавай для кожнага.

Жанна Будзевіч