На ўрачыстым прыёме ў аблвыканкаме

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Урачысты прыём жанчын прайшоў напярэдадні Дня маці ў Гродзенскім абласным выканаўчым камітэце.

Ушанавалі больш за дваццаць матуляў Прынёманскага краю. Сярод іх жанчыны, якія гадуюць пяць і больш дзяцей, клапоцяцца аб дзецях, якія з-за жыццёвых абставінаў засталіся без цеплыні роднай маці, выхавалі людзей, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё краіны.

Удзельніц прыёму павіншавалі са святам старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.

Наш раён на абласным прыёме прадстаўляла жыхарка аграгарадка Гезгалы – прыёмная маці аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Валянціна Аніскевіч. З 2013 года Валянціна Віктараўна адкрыла сваё сэрца для дзяцей, якія засталіся без цеплыні роднай маці. Яна гадуе двух прыёмных сыноў і чацвёра кроўных дзяцей. Дзякуючы клопату і любові, якія пануюць у сям’і Аніскевічаў, іх дзеці растуць шчаслівымі і паспяховымі. Старэйшая дачка Анастасія з залатым медалём скочыла школу, мела высокія вынікі ў спорце і прадметных алімпіядах. Сёлета яна стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Сын Арцём вучыцца ў адзінаццатым класе і таксама плануе паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову. Сярэдняя дачка Аляксандра – пяцікласніца, захапляецца музыкай і вакалам, добра вучыцца. Малодшыя дзеці Максім, Аліса і Агнэшка ходзяць у дзіцячы садок і стараюцца ва ўсім раўняцца на старэйшага брата і сястрычак.

Валянціна Аніскевіч падзялілася ўражаннямі ад паездкі ў Гродна:

– На такім жа мерапрыемстве я пабыла ў 2017 годзе. Сёлетні прыём адметны тым, што на ўрачыстую сустрэчу запрасілі матуляў старэйшага ўзросту. Гэта жанчыны, дзеці якіх зрабілі значны ўнёсак у развіццё нашай краіны. Цікава было пазнаёміцца і паразмаўляць з імі. Сустрэла ў Гродне і знаёмых прыёмных матуляў з іншых раёнаў. Увогуле, парадавала цёплая сяброўская атмасфера свята, падарункі і віншаванні, спадабаўся канцэрт, цырымонія ўзнагароджання. Падобныя мерапрыемствы вельмі дарэчы, бо для некаторых жанчын, простых працаўніц, яны – як глыток свежага паветра, рэальная магчымасць выйсці ў людзі. Мы змаглі пагутарыць, задаць хвалюючыя пытанні, выказаць свае просьбы і пажаданні.

Ірына КАЎКЕЛЬ        
Фота «ГП»