Ёсць нагода для ўрачыстасці

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Напярэдадні Дня маці ў Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь ушаноўвалі жанчын-матуляў, якія працуюць у падраздзяленнях аддзела.

Работнікам, якія гадуюць трох і больш дзяцей, а таксама жанчынам, якія выхоўваюць дзяцей у няпоўнай сям’і, была аказана матэрыяльная дапамога.

Літаральна адразу з’явілася новая нагода для ўрачыстасці: у цёплай сяброўскай абстаноўцы праводзілі на пенсію былога вартаўніка Уладзіміра Уліту, які прысвяціў рабоце ў аддзеле 44 гады.

Начальнік Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы Дзмітрый Харошка павіншаваў Уладзіміра Аркадзьевіча з выхадам на заслужаны адпачынак, уручыў кветкі і падзякаваў за бездакорную добрасумленную працу:

– Вы дастойна адпрацавалі на ахове аб’ектаў гарадскога пасёлка Наваельня больш за чатыры дзесяцігоддзі. Патрабаванні прад’яўляюцца вельмі сур’ёзныя як да міліцыі, так і да вартавога саставу. Вы ім заўсёды адпавядалі, і калі дзяжурылі, мы былі ўпэўнены, што на ахоўваемых аб’ектах будзе спакой і парадак. Ад усяго асабовага саставу аддзела жадаю вам моцнага здароўя і дабрабыту, бадзёрага настрою, удачы, цікавых заняткаў і верных сяброў.

Павіншавалі Уладзіміра Аркадзьевіча і яго калегі па працоўнай брыгадзе. Начальнік падраздзялення аховы аб’екта Алена Война, былы начальнік падраздзялення аховы аб’екта Аляксандр Дзядулька, вартаўнікі Валянціна Сямашка і Сяргей Шуляк зычылі заўтрашняму пенсіянеру актыўнага даўгалецця, шчасця, міру, дабра. У адзін голас яны сцвярджалі, што на такіх прафесіяналаў, як Уладзімір Аркадзьевіч, варта раўняцца маладому пакаленню. На працягу доўгіх гадоў работы вартаўніком Уладзімір Уліта вылучаўся добразычлівасцю, абавязковасцю, адказнасцю, ураўнаважанасцю, неканфліктнасцю.

Цікава было даведацца ў будучага пенсіянера пра яго працоўныя будні і планы на далейшае жыццё.

– Працаваць вартаўніком я пачаў з васямнаццаці гадоў, – расказвае Уладзімір Аркадзьевіч. – Ахоўваць даводзілася розныя аб’екты ў родным пасёлку Наваельня. Апошнім часам быў замацаваны за Новаяльнянскім камбінатам хлебапрадуктаў. Работу сваю прывык выконваць адказна, бо лепш лішні раз упэўніцца ў спраўнасці замкоў і дзвярэй, агледзець аб’ект, чым пасля “пажынаць” вынікі ўласнай халатнасці. За час працы мне даводзілася затрымліваць парушальнікаў, а вось крадзяжоў маёмасці са сваіх аб’ектаў не дапускаў. Крыху сумна, што за плячыма застаецца значная і цікавая частка прафесійнага жыцця. Тым не менш, стараюся глядзець у будучыню: больш часу пачну аддаваць сям’і. У мяне жонка, цешча, трое дарослых дзяцей, чацвёра ўнукаў. Мяркую, клопатаў і хатняй работы хопіць, будзе час і на сустрэчы з сябрамі, з былымі калегамі. У нашым калектыве склаліся выдатныя адносіны. Усім, хто застаецца ў страі: і кіраўніцтву, і міліцэйскаму, і вартавому саставу Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы – жадаю плённай службы, прафесійных дасягненняў, поспехаў у жыцці і ладу ў сем’ях.

Ірына СТЫРНІК