У футбола фестывальны настрой

Свежыя навіны Спорт і турызм

10 верасня  на Дзятлаўшчыне завяршыўся раённы фестываль масавага футбола “Адзін пераможца”.

Фінальны этап  спаборніцтваў прайшоў на гарадскім стадыёне “Колас” і стаў сапраўды важнай падзеяй у спартыўным жыцці падлеткаў.

Спартыўна-масавыя мерапрыемствы па футболе праходзілі ў некалькі этапаў, у іх прымалі актыўны ўдзел навучэнцы гарадскіх ўстановаў адукацыі ў двюх узроставых катэгорыях: дзеці  8-10 гадоў і падлеткі 11-12 гадоў.

Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, аддзел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, раённы фізкультурна-спартыўны клуб, Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола”.

Арганізатары футбольнага фестывалю адзначаюць, што спаборніцтвы праводзіліся з мэтай прапаганды спорта як аднаго з важных сродкаў умацавання здароўя дзяцей і падлеткаў, далучэння іх да здаровага ладу жыцця, папулярызацыі і развіцця масавага футбола ў рэгіёне, а таксама паэтапнага адбору лепшых ігракоў. Адначасова падобныя адборачныя этапы праходзяць у іншых рэгіёнах краіны. Па іх выніках пераможцы атрымаюць пуцёўку на ўдзел у фінальным этапе аднайменных спаборніцтваў рэспубліканскага ўзроўню.

Па выніках спаборніцтваў на Дзятлаўшчыне пераможцай футбольнага фестывалю сярод дзяўчат ва ўзросце 11-12 гадоў стала Паліна Макарчык, сярэбраная перамога – у Кацярыны Шпак, трэцяе месца заваявала Ульяна Шэўка. Пераможцай фестывалю сярод дзяўчат ва ўзроставай катэгорыі ад 8 да 10 гадоў стала Алёна Якімчык, другое месца – у Валерыі Яраш, бронзавым прызёрам прызнана Ганна Лаўрэнцьева.

Пераможцай аднайменных спаборніцтваў сярод хлопчыкаў ва ўзросце 11-12 гадоў стаў Раман Котаў, ва ўзроставай катэгорыі 8-10 гадоў  лепшым іграком прызнаны Міхаіл Петрыкевіч.

Пераможцы футбольнага фестывалю ўзнагароджаны граматамі Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, удзельнікі спартыўна-масавага мерапрыемства на памяць аб сустрэчы атрымалі дыпломы Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Фота Уладзіміра ГАНЧАРА