“Крокі насустрач будучыні” (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ладзілася святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да 75-годдзя заснавання Гродзенскай вобласці “Крокі насустрач будучыні”.

У ім прынялі ўдзел дзятлаўчане, якія любяць сваю малую радзіму і ганарацца ёю.

Вядучыя сустрэчы адзначылі, што немалы ўнёсак у развіццё Гродзенскага рэгіёна зрабіла Дзятлаўшчына, пра што расказвае выстава “Наша Дзятлаўшчына – поступ праз гады”, падрыхтаваная работнікамі музея. Выстава засяроджвае ўвагу на асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай дзяржавы. Тут можна пазнаёміцца з культурнымі дасягненнямі Дзятлаўскага рэгіёна, развіццём адукацыі, спорту, культуры, медыцыны ў савецкі час і перыяд незалежнай Рэспублікі Беларусь, пагартаць старонкі альбомаў, якія пазнаёмяць з гісторыяй стварэння калгасаў на Дзятлаўшчыне, даведацца, як развіваліся нашы “брэндавыя” прадпрыемствы і чым яны праслаўляюць Гродзеншчыну сёння. Маладому пакаленню будзе карысна даведацца пра тых людзей і тыя падзеі, якія ўжо леглі ў гісторыю Дзятлаўшчыны, а пакаленню старэйшаму будзе цікава пазнаць знаёмыя абліччы на фотаздымках. Выстава будзе працаваць у музеі яшчэ на працягу месяца.

На мерапрыемстве прысутнічалі людзі, якія бачылі амаль увесь перыяд развіцця Дзятлаўскага раёна ў складзе Гродзенскай вобласці. Сваімі ўспамінамі пра станаўленне раёна падзяліліся Яўгенія Савань і Валерый Петрыкевіч. Яны адзначылі, што Дзятлава – адзін з прыгажэйшых раённых цэнтраў, лічаць, што лепшага куточка, чым наш горад, няма.

Ганаровымі гасцямі сустрэчы сталі людзі, якія працуюць і працавалі на прадпрыемствах, у сельскай гаспадарцы, школах, сістэме дзяржаўнай улады. Яны заслужылі павагу на доўгія гады, а іх імёны занесены ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна – гэта Тамара Уладзіміраўна Крывеня, Яўгенія Рыгораўна Савань, Ганна Станіславаўна Урбановіч, Леанід Юльянавіч Кашко, Сямён Уладзіміравіч Макарэвіч. Вядучыя расказалі пра іх жыццёвы і працоўны шлях, дасягненні. А заслужаныя людзі нашага раёна падзяліліся вопытам, раскрылі сакрэты сваёй бадзёрасці, актыўнасці, працоўных дасягненняў.

 

Музычныя выступленні для святочнага мерапрыемства падрыхтавалі таленавітыя навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава, а таксама супрацоўнік музея Алена Абрамчык.

Святлана ГРЫШЫНА
Вольга ЮШКЕВІЧ



Теги: