Будзем з бульбай

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Актыўна набіраюць тэмп працы па ўборцы сезоннага ўраджаю ўсе сельскія гаспадаркі раёна.

Апошнімі вераснёўскімі днямі яны вядуць работы па ўборцы другога беларускага хлеба – бульбы, а таксама кукурузы, цукровых буракоў, іншай агародніны.

Паводле аператыўнай інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама, бульбу ўбіраюць ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах, у якіх яе вырошчваюць – КСУП “Жукоўшчына”, “Дварэц-Агра”, “Русь-Агра”, “Хвінявічы”.

Сонечнай вераснёўскай раніцай актыўна кіпела работа на палетках КСУП “Жукоўшчына” ва ўрочышчы “Нагародавічы”.

Як паведаміла брыгадзір паляводчай брыгады КСУП “Жукоўшчына” Алена Касянюк, у гаспадарцы пасаджана бульба сартоў “Скарб”, “Гала”, “Уладар”, “Маніфест”,  агульная плошча пасадкі складае 80 гектараў. Па стане на 24 верасня ўраджай сабраны з плошчы 24,5 гектара, сярэдняя ўраджайнасць складае 300 цэнтнераў з гектара.

У час уборачнай кампаніі значную дапамогу сельгаспрадпрыемству аказваюць работнікі Гезгалаўскай сярэдняй школы і раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Разам з тым, на аграрных сезонных работах задзейнічаны брыгады людзей, якія працуюць па дагаворах найму, дапамагаюць і самі работнікі КСУП “Жукоўшчына”.

Паралельна ў гаспадарцы вядуцца работы па ўборцы ўраджаю яблык, кукурузы, наладжаны работы па сяўбе азімых культур.

У планах на бліжэйшы час – збор ураджаю морквы і сталовых буракоў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ