Змяненні ў крымінальным заканадаўстве

Важнае Да ведама грамадзян Свежыя навіны

Да ўступлення ў сілу Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2019 года № 171-З “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь” крымінальным заканадаўствам да асобаў, якія ўчынілі злачынствы, акрамя асноўнага пакарання, у якасці дадатковага магла прымяняцца канфіскацыя маёмасці.

Яна выражалася ў прымусовым бязвыплатным адабранні ва ўласнасць дзяржавы ўсёй або часткі маёмасці, якая з’яўлялася ўласнасцю асуджанага.

Накладалася канфіскацыя за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, учыненыя з карыслівых пабуджэнняў, і магла быць назначана судом толькі ў выпадках, прадугледжаных адпаведнымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, артыкулам 61 Крымінальнага кодэкса была прадугледжана спецыяльная канфіскацыя, якая выкарыстоўвалася незалежна ад катэгорыі злачынства і віду прызначанага пакарання і выражалася ў прымусовай бязвыплатнай канфіскацыі ва ўласнасць дзяржавы прыладаў і сродкаў учынення злачынства, якія належалі асуджанаму; рэчаў, канфіскаваных з абароту; маёмасці, набытай злачынным шляхам; даходу, атрыманага ад выкарыстання гэтай маёмасці, а таксама прадметаў, непасрэдна звязаных са злачынствам, калі яны не належалі вяртанню пацярпеламу ці іншай асобе.

Незалежна ад права ўласнасці падлягаў канфіскацыі транспартны сродак, якім кіравала асоба, затрыманая за злачынства, прадугледжанае артыкулам 317-1 КК (за выключэннем транспартных сродкаў, якія выбылі з законнага валодання ўласніка (карыстальніка) па-за яго воляй ці ў выніку супрацьпраўных дзеянняў іншых асобаў). Калі спецыяльная канфіскацыя маёмасці, набытай злачынным шляхам, даходу, атрыманага ад выкарыстання такой маёмасці, на момант прыняцця рашэння аб канфіскацыі была немагчымая з-за страты, расходавання, знішчэння, рэалізацыі ці па іншых прычынах, з асуджанага ў даход дзяржавы спаганялася грашовая сума, адпаведная кошту маёмасці, набытай злачынным шляхам, і (ці) памеру даходу, атрыманага ад выкарыстання гэтай маёмасці. Памер грашовай сумы, якая належала спагнанню, вызначаўся судом на дзень вынясення прыгавора.

У сувязі з ўступленнем у сілу 19 ліпеня 2019 года вышэйназванага закона і з выключэннем артыкула 61 КК, законатворца выключыў як від дадатковага пакарання канфіскацыю маёмасці. Такім чынам, асобы, асуджаныя да такога віду пакарання па адпаведных артыкулах, да ўступлення ў сілу гэтага закона і ў адносінах якіх такое пакаранне на момант уступлення закона не выканана, належаць вызваленню ад гэтага пакарання. Прыгаворы на такіх асобаў будуць перагледжаны. Прыгаворы ў частцы канфіскацыі маёмасці асуджаных, выкананыя поўнасцю або часткова да ўступлення закона ў сілу, перагляду не належаць.

Аднак варта адзначыць, што законам у якасці рэалізацыі крымінальнай адказнасці пры ўчыненні асобай злачынства разам з крымінальнай адказнасцю, а таксама пры вызваленні асобы ад яе на падставах, прадугледжаных Крымінальным кодэксам, спецыяльная канфіскацыя па-ранейшаму будзе выкарыстоўвацца. Прадугледжана яна палажэннямі артыкула 46-1 КК.

Судом Дзятлаўскага раёна спецыяльная канфіскацыя выкарыстоўвалася пераважна да транспартных сродкаў па крымінальных справах за кіраванне імі асобай, якая знаходзілася ў стане ап’янення, перадачу кіравання такой асобе або адмову ад праходжання праверкі (асведчання). На жаль, не ўсе канфіскаваныя транспартныя сродкі з’яўляліся маёмасцю асуджаных, здаралася, гэта быў транспарт іншых уласнікаў, які фактычна знаходзіўся ў карыстанні асуджаных на момант учынення імі злачынства.

Сяргей СЁМУХА,
старшыня суда Дзятлаўскага раёна