На Дзятлаўшчыне прайшла абласная нарада па навядзенні парадку

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

28 жніўня на Дзятлаўшчыне прайшла абласная нарада па тэме: “Навядзенне парадку на тэрыторыі Гродзенскай вобласці”.

Узначаліў яе першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Бабіна.

Першым сустрэў гасцей раённы Дом культуры, дзе для ўдзельнікаў сходу быў прадэманстраваны дакументальны фільм пра станаўленне, развіццё і сацыяльна значныя аб’екты Дзятлаўшчыны.

Далей маршрут выязнога мерапрыемства прайшоў па тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. Спачатку прысутныя наведалі міні-палігон “Ведравічы”, які знаходзіцца пад ведамствам Дзятлаўскага РУП ЖКГ. Пра вываз і ўтылізацыю цвёрдых бытавых адходаў і рэкультывацыю міні-палігона расказаў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктар Дзедуль.

Далей маршрут працоўнай групы пралягаў праз аграгарадок Круцілавічы. На мехдвары мясцовай гаспадаркі гасцінна сустрэў удзельнікаў абласнога сходу дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур. Ён расказаў пра добраўпарадкаванне тэрыторый сельгаспрадпрыемства, прылеглых да яго аб’ектаў гаспадарання, а таксама аб добраўпарадкаванні тэрыторый падведамасных сельвыканкаму. Была агледжана тэрыторыя машыннага двара, пляцовак для захоўвання зношаных шын і металалома, а таксама добраўпарадкаваная тэрыторыя вакол мясцовай сажалкі.

Пра розныя метады барацьбы з баршчавіком Сасноўскага расказаў начальнік участка “Раготна” КСУП “Дварэц-Агра” Міхаіл Юрэня.

Аб рабоце па добраўпарадкаванні вадаёма і рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы паведаміў дырэктар раённага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Віктар Адамчык.

Напрыканцы сустрэчы былі падведзены вынікі работы, разгледжаны і абмеркаваны хвалюючыя пытанні.

Экскурс па Дзятлаўскай зямлі, а таксама людзях, якія ўнеслі значны ўклад у розныя сферы развіцця краіны і тым самым праславілі Дзятлаўшчыну, для ўдзельнікаў нарады правяла супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ