Прадаўжаецца барацьба з п’янствам

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

На Дзятлаўшчыне ў першым паўгоддзі 2019 года з 23 да 19 па завершаных справах зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых асобамі ў стане алкагольнага ап’янення.

Разам з тым, знізіўся аб’ём канфіскаванай з незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі. Колькасць асобаў, ізаляваных у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, засталася на ўзроўні мінулагодняй – 19 чалавек.

Пытанні прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, патрабуюць сістэмнай і мэтанакіраванай работы органаў і ўстановаў прафілактыкі нашага раёна, а таксама працоўных калектываў, грамадскіх фарміраванняў, выканаўча-распарадчых органаў на месцах.

Разам з тым, пракурорскія праверкі выканання заканадаўства аб прафілактыцы п’янства і алкагалізму выявілі пэўныя недахопы. Так, работа Дзятлаўскай ЦРБ па ажыццяўленні прафілактычнага назірання за наркалагічнымі хворымі арганізавана на нізкім узроўні. Парушаюцца патрабаванні палажэння аб парадку прызнання пацыентаў хворымі на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію, не захоўваецца парадак і ўмовы аказання медыцынскай дапамогі такім пацыентам, не ажыццяўляецца рэгулярны кантроль за станам іх псіхічнага і фізічнага здароўя, парушаюцца нарматыўныя тэрміны аглядаў. Інфармацыя, якая змяшчаецца ў амбулаторных картках хворых, часам знаходзіцца ў неактуальным стане.

Пры падрыхтоўцы аддзелам унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама матэрыялаў аб накіраванні злоўжываючых асобаў у ЛПП, супрацоўнікі міліцыі дапускалі парушэнні заканадаўства, якое вызначае падставы і парадак накіравання ў ЛПП. Так, асобы, папярэджаныя аб магчымасці накіравання іх у ЛПП, у 10-дзённы тэрмін пасля ўчынення новага правапарушэння ў стане алкагольнага ап’янення не накіроўваліся на медыцынскі агляд і прадаўжалі парушаць антыалкагольнага заканадаўства.

Па выніках праверак пракуратурай унесены прадстаўленні.

Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна