Пра што раскажа родны край

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

Цікава і актыўна праводзяць лета ўдзельнікі клуба “Нам гады не бяда” і наведвальнікі гуртка “Пазнай-ка” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Нядаўна яны ажыццявілі аўтападарожжа па маршруце Дзятлава – Слонім – Ружаны (Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) – палац Пуслоўскіх (у Косава Івацэвіцкага раёна).

На экскурсію на чале з загадчыцай аддзела Цэнтра Галінай Касцюк накіраваліся чатырнаццаць удзельнікаў клуба. Вандроўнікі даўно марылі пабываць у гэтых маляўнічых, прасякнутых гісторыяй і даўніной мясцінах, пра якія гутарылі на сустрэчах гуртка “Пазнай-ка”.

Першыя прыемныя ўражанні атрымалі ад чыстага і адноўленага горада Слоніма, прыгажосці яго касцёлаў і цэркваў. Сёлета гэты раённы цэнтр рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства (свята адбудзецца 1 верасня). За Слонімам вабілі вока маляўнічыя краявіды, таму яшчэ 45 кіламетраў шляху да Ружанаў праехалі незаўважна. З высокай гары, што знаходзіцца пры ўездзе ў горад, палюбаваліся на Ружаны, убачылі рэшткі замка. Па гарадскіх вуліцах ехалі павольна, каб атрымаць асалоду ад мясцовых пейзажаў. Гараджане падказалі, што Ружаны рыхтуюцца да Брэсцкіх абласных “Дажынак”. Зрабілі прыпынак каля замкавага комплексу знакамітых князёў Сапегаў, абмяняліся яркімі ўражаннямі ад велічы комплексу і ўязной брамы, пафатаграфаваліся на памяць. Затым зазірнулі ў Ружанскі парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Троіцы, дзе знаходзіцца ікона “Цудатворны вобраз Маці Боскай” 1627 года.

Яшчэ праз некалькі кіламетраў нас чакаў фальварак Мерачоўшчына лідара беларускага нацыянальнага паўстання 1794 года Тадэвуша Касцюшкі і замкавы комплекс князёў Пуслоўскіх. Цікавымі былі экскурсія па пакоях фальварка і знаёмства з жыццёвым шляхам нацыянальнага героя.

Па шырокай мармуровай лесвіцы падняліся да велічнага палаца князёў Пуслоўскіх. Пачулі гісторыю ўзвядзення палаца, даведаліся аб яго гаспадарах, палюбаваліся ўнутраным аздабленнем.

Вандроўка пакінула важкі багаж новых уражанняў і вельмі спадабалася. Удзельнікі клуба “Нам гады не бяда” плануюць і надалей ладзіць падарожжы для знаёмства з гісторыяй і культурай роднага краю.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
удзельнік клуба “Нам гады не бяда”