Папярэдзіць карупцыю

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Дзеючае ў сферы барацьбы з карупцыяй заканадаўства Рэспублікі Беларусь скіравана на забеспячэнне эфектыўнай дзейнасцi дзяржаўных органаў, іншых арганізацый праз папярэджанне, выяўленне і спыненне правапарушэнняў карупцыйнага характару, ліквідацыю іх наступстваў.

Нягледзячы на меры прафілактыкі, на Дзятлаўшчыне з 2 да 10 павялічылася колькасць выяўленых злачынстваў у сферы эканомікі і карупцыйных злачынстваў. Пракуратурай раёна ў першым паўгоддзі 2019 года праведзены 4 праверкі выканання патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства. Сярод прычын, якія спрыяюць парушэнням заканадаўства ў гэтай сферы, – неналежная арганізацыя прафілактычнай работы ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама.

Службовыя асобы ўпраўлення, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў не прымаюць мераў па належным выяўленні і ліквідацыі прычын і ўмоваў, якія спрыяюць карупцыі. Для ўтойвання фактаў безгаспадарчсці і непрадуманай эканамічнай палітыкі дапускаюцца прыпіскі, фальсіфікацыя дакументаў, што асабліва распаўсюджана ў сельскай гаспадарцы. Большасць карупцыйных схемаў выяўлены ў мяса-малочнай прамысловасці.

У 2018-2019 гадах раённым аддзелам Следчага камітэта былі ўзбуджаны 6 крымінальных спраў за злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі і 6 крымінальных спраў за атрыманне хабару ў адносінах брыгадзіраў (загадчыкаў) вытворчых брыгад у жывёлагадоўлі. Судом па іх вынесены абвінаваўчыя прысуды.

Выяўляліся сёлета і парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства некрымінальнага характару. За іх учыненне службовыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці.

Праблемнай з’яўляецца сфера закупак, у якой карупцыйныя праявы амаль паўсюдныя. Пагаршае сітуацыю адсутнасць адзінай сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне закупачнай дзейнасці. Праведзеная пракуратурай раёна праверка выканання заканадаўства аб закупках у адной з гаспадарак Дзятлаўшчыны выявіла парушэнні. Так, пратаколы пасяджэнняў конкурснай камісіі не былі падпісаны членамі гэтай камісіі, адсутнічаў загад (распараджэнне) аб зацвярджэнні яе складу. Гадавы план дзяржаўных закупак на 2019 год сельгаспрадпрыемствам не распрацоўваўся і на сайце www.icetrade.by не размяшчаўся, не была там размешчана і інфармацыя аб выніках праведзеных закупак. Па выніках праверкі пракуратура раёна ўнесла прадстаўленне кіраўніку гаспадаркі.

Для паляпшэння сітуацыі кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый раёна неабходна прыняць меры да безумоўнага выканання патрабаванняў Дырэктываў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” і № 3 “Аб прыярытэтных накірунках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы”; надаваць пільную ўвагу выкананню заканадаўства аб захаванасці сельгастэхнікі, запасных частак, гаруча-змазачных матэрыялаў, іншых матэрыяльных рэсурсаў, выкананню правілаў пажарнай бяспекі з вяртаннем матэрыяльнага ўрону за кошт вінаватых асобаў.

Неабходна правесці сістэмны аналіз прычынаў і ўмоваў учынення карупцыйных правапарушэнняў, вывучыць карупцыйныя рызыкі ў сферы сельскай гаспадаркі, прыняць канкрэтныя рашэнні па іх мінімізацыі і ліквідацыі, вызначыць шляхі павышэння эфектыўнасці работы камісіі па супрацьдзеянні карупцыі.

Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна