Пахне жнівень хлебам і яблыкамі

Галоўнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Сямнаццатага жніўня ў рамках маштабнага сельскагаспадарчага раённага праекта “Дбайных людзей славім – весела час бавім” у аграгарадку Жукоўшчына прайшло традыцыйнае свята яблык, а заадно КСУП “Жукоўшчына” справіла “Дажынкі-2019”: былі падведзены вынікі сёлетняй уборачнай кампаніі, узнагароджаны лепшыя работнікі.

Удзел у мерапрыемстве прыняў кіраўнік спраў Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Андруцэвіч. Арганізатары запрасілі на ўрачыстасць не толькі работнікаў гаспадаркі, мясцовае насельніцтва, але і проста аматараў павесяліцца і пахварэць за лепшыя каманды раёна.

Са словамі прывітання да землякоў і гасцей свята звярнуўся старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык. Ён шчыра павіншаваў працаўнікоў гаспадаркі з заканчэннем жніва, а ўдзельнікам свята пажадаў бадзёрага настрою, усмешак, актыўнага адпачынку.

Працоўнымі дасягненнямі падзяліўся галоўны аграном КСУП “Жукоўшчына” Яўген Бароўскі:

– Мы былі настроены на высокі вынік, і хочацца з гонарам паведаміць, што наша гаспадарка атрымала багаты ўраджай – 39,6 цэнтнера з гектара. Гэта другі паказчык у раёне. Валавы збор зерня склаў 3645 тон (на паўтары тысячы тон больш, чым летась). Таксама сабралі 643 тоны насення рапсу пры ўраджайнасці 32,2 цэнтнера з гектара. Цяпер робім задзел для новага ўраджаю. Дзякую ўсім работнікам, якія шчыравалі на палетках для атрымання дастойнага намалоту.

Яўген Бароўскі ўручыў дырэктару КСУП “Жукоўшчына” Аляксандру Кугейку традыцыйныя дажыначны сноп і каравай новага ўраджаю.

У сваю чаргу Аляксандр Віктаравіч павіншаваў і ўзнагародзіў работнікаў КСУП, якія паказалі высокія вынікі на жніве. Гэта камбайнавыя экіпажы Валерыя Орсіка і Вікенція Глушкевіча (намалацілі 1087 тон зерня, сталі пераможцамі), Вячаслава і Яўгена Малчановічаў (намалацілі 867 тон зерня, занялі другое месца), Уладзіміра Паўлоўскага і Уладзіміра Тадарэнкі (намалацілі 818 тон зерня, занялі трэцяе месца). На адвозцы зерня вылучыліся вадзіцелі гаспадаркі Ігар Візгір (перавёз 1127 тон зерня), Іван Дзядовіч (перавёз 1016 тон зерня), Анатоль Басай (перавёз 586 тон зерня). Ушанавалі работнікаў зернясушыльных комплексаў Пятра Каско, Пятра Дзядовіча, Васіля Шпака, Станіслава Гнаінскага, Міхаіла Кашко, Мікалая Двараніна, трактарыстаў, якія прасавалі салому, – Уладзіміра Васюкевіча, Мікалая Капковіча, трактарыстаў, якія працавалі на падборцы саломы, – Мікалая Бакшука, Юрыя Варгана, Івана Работу, Віктара Раманоўскага, а таксама трактарыста, які вызначыўся на церабленні лёну, – Міхаіла Ануфрыка. За добрасумленную працу з нагоды свята адзначылі работнікаў сада: Анатоля Багача, Ганну Мельнік, Вераніку Мядзведскую.

Аляксандр Кугейка падкрэсліў, што сёлетні іспыт уборачнай кампаніяй КСУП “Жукоўшчына” вытрымала годна і на 100 % выканала план здачы зерня дзяржаве. Напрерадзе – уборка бульбы, агародніны, яблыкаў.

Праграму свята прадоўжыў вясёлы музычны конкурс “Угадай мелодыю”, на яго прадстаўнікоў працоўных калектываў запрасіла вядучая Святлана Венская. Удзел у “нотных” баталіях прымалі чатыры каманды. Гэта былі гаспадары пляцоўкі КСУП “Жукоўшчына” і каманда Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы, а таксама госці пляцоўкі – каманда Дзятлаўскай ЦРБ і каманда КСУП “Вензавец”. На працягу гульні след у след у адгадванні мелодый ішлі каманды КСУП “Жукоўшчына” і Дзятлаўскай ЦРБ, яны ж паказалі яркія, дынамічныя танцы, заўзята праспявалі песні са словамі-заданнямі, а таму падзялілі першае месца і былі названы пераможцамі гульні. На другой пазіцыі аказалася каманда КСУП “Вензавец”, на трэцяй – каманда Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы.

На працягу мерапрыемства ўдзельнікі ўрачыстасці прымалі віншаванні і песенныя падарункі ад работнікаў культуры і творчых калектываў нашага раёна. Попытам карысталіся выстава-продаж, надзіманыя горкі, папкорн, салодкая вата.

Ірына СТЫРНІК