Падрыхтавацца да ацяпляльнага сезона за месяц

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Другога жніўня ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце прайшла пашыраная нарада, на якой прадстаўнікі зацікаўленых службаў абмеркавалі пытанне “Аб ходзе падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона 2019-2020 гадоў”.

Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Залеўскі зазначыў, што сёлета ў маі на Дзятлаўшчыне, калі падводзіліся вынікі мінулага ацяпляльнага сезона, былі ўлічаны ўсе недахопы, пастаўлены задачы, як раён павінен рыхтавацца да новага. У ліпені гэтага года было прынята рашэнне Гродзенскага аблвыканкама № 261 “Аб выніках работы ў ацяпляльны перыяд 2018-2019 гадоў і задачах па падрыхтоўцы да наступнага ацяпляльнага перыяду 2019-2020 гадоў”. Пунктам 16 гэтага рашэння вызначана, што да 1 верасня на Гродзеншчыне павінна быць забяспечана поўная гадоўнасць арганізацый да ацяпляльнага сезона. На мінулым тыдні ў абласным цэнтры адбылося пасяджэнне па гэтым пытанні, падведзены прамежкавыя вынікі. Згодна з імі, 25 % арганізацый Прынёманскага краю гатовы да новага ацяпляльнага сезона, а вось Дзятлаўскі раён трапіў у лік аўтсайдараў. Нашым арганізацыям належыць актывізаваць работу ў гэтым кірунку. На Дзятлаўшчыне налічваецца 73 цеплакрыніцы (кацельняў), 109 спажыўцоў, у якіх маюцца 283 аб’екты. Раённай службай энергагазнагляду быў складзены графік прад’яўлення гатоўнасці ведамасных цеплакрыніц і спажыўцоў да сёлетняга асенне-зімовага перыяду, дзе прапісаны тэрміны, калі арганізацыі павінны падаць заяўкі і быць падрыхтаванымі прад’явіць свае аб’екты і дакументацыю інспектарам, вызначаны тэрміны атрымання пашпартоў гатоўнасці. Варта яшчэ раз падкрэсліць, што сёлета паспець атрымаць пашпарты гатоўнасці трэба да 1 верасня. Дарэчы, патрабаванні па іх атрыманні сталі больш жорсткімі: неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на ўхіленне прадпісанняў і недахопаў, якія выяўлены раней. Трэба ведаць, што ў час праверак інспектары энергагазнагляду ажыццяўляюць фотафіксацыю аб’ектаў.

Кіраўнік групы Слонімскай энергагазінспекцыі Віталь Крыўда, які прыняў удзел у нарадзе, азнаёміў прысутных з графікам атрымання арганізацыямі раёна пашпартоў гатоўнасці. Напярэдадні вызначаных дат кожная арганізацыя павінна падаць заяўку і падрыхтавацца да прыезду інспектараў. Да заяўкі абавязкова трэба прыкладаць пакет неабходных дакументаў. Віталь Віктаравіч расказаў, што гэта павінны быць за дакументы, спыніўся на галоўных патрабаваннях да тэхнічнага стану газавага і цеплаабсталявання.

Начальнік Дзятлаўскай раённай энергагазінспекцыі Вячаслаў Кець падкрэсліў, што весці падрыхтоўку да новага ацяпляльнага сезона арганізацыі Дзятлаўшчыны павінны з поўнай адказнасцю, паколькі праходзіць яна ў сціслыя тэрміны, а патрабаванні будуць самыя строгія.

Вынікі сустрэчы падвёў Юрый Залеўскі. Ён зазначыў, што задачы акрэслены, узяць іх пад асабісты кантроль павінны ўсе кіраўнікі арганізацый, бо тэрмін падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона падаўжаць не плануецца.

Ірына СТЫРНІК



Теги: