Багацце газавай галіны

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Чым багаты Дзятлаўскі раён газазабеспячэння?

Вядома, сваім дружным, дасведчаным працоўным калектывам. Напярэдадні прафесійнага свята ўзгадаем некаторых яго работнікаў.

Надзея Раманава, вядучы інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела

Надзея Аляксандраўна пачынала сваю прафесійную дзейнасць у далёкім Ашхабадзе, на прадпрыемстве “Туркмендзяржпраект”, дзе працавала па размеркаванні. У 1993 годзе жанчына вярнулася на радзіму ў Дзятлава, з таго часу нязменна працуе інжынерам у раённай газавай службе.

– Калі я пачынала працоўны шлях на Дзятлаўшчыне, тут было 178 кіламетраў газаправоду, цяпер – 419 кіламетраў. Прыродным газам забяспечаны практычна ўсе буйныя населеныя пункты раёна.

Сёння, калі вулічныя газаправоды ўжо пабудаваны, людзі пракладваюць газ да дамоў і ўнутры іх. У раёне газазабеспячэння могуць пракансультаваць спажыўцоў газу, выдаць тэхнічныя ўмовы на падвядзенне газу да пліты або катла.

На пытанне, з кім будзе адзначаць прафесійнае свята, Надзея Раманава адказвае:
– З калегамі па працы, а затым з сям’ёй. У нас цэлая працоўная дынастыя газавікоў.
З нагоды святочнай даты жанчына жадае калегам спакойнай работы, працалюбства, мэтанакіраванасці, моцнага здароўя і шчасця.

Яўген Дораш, майстар аварыйна-дыспетчарскай службы

У газавай галіне Яўген Канстанцінавіч крыху больш за дваццаць гадоў. Прыйшоў сюды з колішняга калгаса “Русь-Агра”, дзе працаваў галоўным энергетыкам. Сёння на давераным яму ўчастку – 15 работнікаў, усе яны высокакласныя вопытныя спецыялісты. І калі задача ўсёй арганізацыі – забяспечыць насельніцтва раёна газам, то задача непасрэдна дыспетчарскай службы – каб спажыўцы газу заўжды заставаліся ў бяспецы.

– У любы дзень, час сутак, любое надвор’е мы павінны і можам ліквідаваць усе аварыйныя сітуацыі, якія ўзнікаюць на газаправодах, – зазначае майстар.

Працоўны графік Яўгена Дораша пяцідзённы. Але нават пакідаючы працоўнае месца, ён, як і кожны работнік газавай службы, думкамі застаецца на дзяжурстве, заўсёды гатовы адказаць на званок, адрэагаваць на праблему.

– Праўда, такія званкі атрымліваю рэдка, а значыць, наша газавая служба добра працуе штодня.

Па словах Яўгена Канстанцінавіча, газавікі дапамагаюць людзям не толькі ў складаных сітуацыях, але і побытавым карыстанні газам: падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезону, дыягностыцы і рамонце газавага абсталявання.

Усім работнікам газавай галіны Яўген Дораш адрасуе пажаданні безаварыйна й работы.

Алена Цярэшка, прыёмшчыца заказаў аварыйна-дыспетчарскай службы

Працоўны стаж Алены Сяргееўны налічвае без малога тры дзясяткі гадоў. Выпускніцай Гродзенскага хіміка-тэхналагічнага тэхнікума, яна прыйшла ў газавую службу раёна і ні разу не здрадзіла сваёй прафесіі. Пачынала працаваць кантралёрам, а праз некаторы час перайшла на сённяшняе месца працы. Першымі настаўнікамі ў прафесіі для жанчыны былі Ніна Дуброўская і Іван Хомка.

Разважаючы, якая сёння праца ў раёне газазабеспячэння, Алена Цярэшка адзначае – цікавая і рознапланавая. Працаваць даводзіцца і з сістэмай газазабеспячэння раёна, і са спажыўцамі газу. Прыёмшчыца заказаў ведае, што рабіць і ў штатнай сітуацыі, і ў экстранай.

– Калі людзі набіраюць нумар 104, яны чакаюць тэрміновай дапамогі, а наша задача – яе аказаць, – расказвае пра асаблівасці сваёй работы жанчына. – Мая задача ў час дзяжурства – прыняць званок, параіць людзям, як сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі, хутка накіраваць на месца аварыйную брыгаду. Акрамя таго, абслугоўваем заяўкі на дастаўку звадкаванага газу.

На пытанне, ці складана працаваць у пераважна мужчынскім калектыве, жанчына ўсміхаецца:

– Наадварот, вельмі проста і прыемна! Калектыў у нас дружны, калегі і падкажуць, і дапамогуць, калі трэба.

Усім работнікам газавай службы яна жадае моцнага здароўя і дабрабыту ў сем’ях.

Аляксандр Тухто, электраманцёр службы абароны падземных газаправодаў ад карозіі

“Электрык ад Бога” – так ёмка характарызуюць калегі Аляксандра Уладзіміравіча. За 21 год сумленнай працы ў Дзятлаўскім раёне газазабеспячэння спецыяліст заслужыў гэта званне і павагу калектыву. Сам Аляксандр Тухто напярэдадні свята ўзгадвае ветэранаў газавай галіны, з кім некалі пачынаў працаваць. Гэта Мікалай Бяспятаў, Аляксандр Шуміцкі, Анатоль Дуброўскі, якія два дзясяткі гадоў таму заклалі фундамент сучаснай службы абароны газаправодаў. Сёння на чале службы – Аляксей Мельніковіч.

Работа па абароне падземных газаправодаў не экстраная, але не менш важная, чым на іншых участках працы. Прафілактыка праводзіцца ў Дзятлаве двойчы на год, на тэрыторыі раёна – па адным разе, згодна з планам. Шэраг ахоўных мерапрыемстваў дае свае станоўчыя вынікі – тэрмін службы газавага абсталявання падаўжаецца.

– Работа мне падабаецца, інакш бы не займаўся ёй столькі гадоў, – кажа электраманцёр. – Працуем, як зладжаны механізм. Не палохаюць ні земляныя работы, ні ўмовы надвор’я.

Па словах спецыяліста, работу газавікам ускладняюць толькі “памочнікі”, якія часам вядуць земляныя работы ў недазволеных месцах і могуць пашкодзіць газавыя трубы. Тады даводзіцца рэагаваць неадкладна.

З нагоды прафесійнага свята ўсім работнікам газавай галіны і іх сем’ям Аляксандр Тухто жадае шчасця, міру і дабра.

 

Наталля АВЯРЧУК