Жыццёвы шлях даўжынёю ў стагоддзе

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Свой 100-гадовы юбілей напярэдадні святкавання 75-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сустрэла Яўгенія Ільінічна Лайло, якая жыве ў аграгарадку Раклевічы.

Павіншаваць Яўгенію Ільінічну прыехалі старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандр Маркушэўскі і сакратар Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў Ядзвіга Гушча.

Яны пажадалі адной са старэйшых жыхарак раёна добрага здароўя, сямейнага дабрабыту, жыццёвай актыўнасці, любві і ўсмешак ад родных і блізкіх, а таксама даўгалецця і прыемных клопатаў з нагоды святкавання новых юбілейных датаў.

Кветкі, каштоўныя падарункі і музычныя кампазіцыі ў дзень нараджэння сталі прыемным сюрпрызам для юбіляркі.

Лёс Яўгеніі Ільінічны склаўся як і ў мноства тых жанчын, якія прайшлі праз жахі ваенных выпрабаванняў, на працягу доўгіх гадоў чакалі мужоў з вайны, усклаўшы на сябе двайныя клопаты аб дзецях, самастойна і бездакорна выконваючы любыя сямейныя абавязкі. Нягледзячы на ўсе жыццёвыя выпрабаванні, Яўгенія Ільінічна выхавала чатырох дзяцей, затым дапамагала ў выхаванні пяцярых унукаў, зараз радуецца, гледзячы, як растуць шасцёра яе праўнукаў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Теги: