Як засцерагчыся ад крадзяжоў на пляжы

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Лета – сезон адпачынку. На жаль, у гэты час павялічваецца колькасць замахаў на маёмасць грамадзян у месцах масавага адпачынку. Не сапсаваць сабе водпуск ці выхадныя дапамогуць простыя правілы бяспекі.

Калі збіраецеся адпачываць ля вады, пакіньце каштоўныя рэчы дома. Часта зламыснікі “палююць” на мабільныя тэлефоны, планшэты, ноўтбукі, фотаапараты, пакінутыя гаспадарамі без нагляду, у тым ліку ў час купання. Калі вы прынеслі на пляж такія рэчы, трымайце іх у полі зроку, не кладзіце за спінай. Увогуле, перад тым, як зайсці ў ваду, сумку і асабістыя рэчы прыкрыйце пляжным ручніком ці адзеннем. Не спіце на пляжы. Здараецца, што ахвярай злодзеяў становяцца адпачывальнікі, якія, накрыўшы твар ручніком ці газетай, дрэмлюць пад сонцам. Найлепш адпачываць сям’ёй ці кампаніяй: у такім выпадку ў час купання знойдзецца каму прыглядзець за рэчамі. Не пакідайце сваю маёмасць пад наглядам незнаёмцаў, якія могуць скарыстацца сітуацыяй і ўчыніць крадзеж. Адпачываючы, пастарайцеся не ўжываць спіртных напояў і піва: пад уздзеяннем алкаголю чалавек становіцца менш абачлівым, нецвярозых людзей злодзеі часцей выбіраюць сваімі ахвярамі.

Сяргей ЮШКЕВІЧ,

старшы інспектар АУС Дзятлаўскага райвыканкама