“Вясёлая планета” ў сузор’і добрых спраў

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Кожны дзень прыбыцця для выхаванцаў аздараўленчага летніка “Вясёлая планета” Дварэцкай сярэдняй школы быў насычаны цікавымі і карыснымі справамі.

Напярэдадні святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў рабяты адправіліся ў турнэ з агітбрыгадай “Памяць аб вайне”. Яны з цікавай праграмай наведалі Раготнаўскую, Круцілавіцкую і Таркачоўскую школы. Песні і вершы ваенных гадоў нікога не аставілі абыякавымі, таму што рабяты ў кожны радок, у кожнае слова ўкладвалі душу. Агітбрыгаду падрыхтавалі навучэнцы 3-5 класаў Дварэцкай сярэдняй школы разам з выхавацелем групы падоўжанага дня Вольгай Сямашка.

З вялікім энтузіязмам у “Вясёлай планеце” прайшлі экалагічныя акцыі “Чысты лес”, “Чыстая вуліца”, “Сарціруем смецце”. Наведвальнікі летніка ведаюць з дзіцячага садка, што прырода – наш агульны дом, і навядзенне парадку на зямлі – справа кожнага грамадзяніна.

Мабыць, няма таго чалавека, хто не любіў бы падарожнічаць. Так і выхаванцы “Вясёлай планеты” пабывалі на экскурсіі ў горадзе Лідзе. Яны наведалі Цэнтр бяспекі міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Тут яны ўспомнілі асноўныя правілы бяспекі пры знаходжанні ў лесе, правілы карыстання электрапрыборамі, вучыліся правільна тэлефанаваць у службу МНС у выпадку ўзнікнення пажару або якой-небудзь іншай надзвычайнай сітуацыі.

Акрамя гэтага, дзеці наведалі Лідскі замак, касцёл Уздзвіжання Святога Крыжа, помнік Францыску Скарыну.

Віталь ІВАНАШКА,

педагог-арганізатар Дварэцкай сярэдняй школы