У “Вектары” адпачываць цікава

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

28 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё змены “Гродзеншчына – мая малая радзіма” ў летніку “Вектар” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава.

З 25 чэрвеня па 19 ліпеня тут адпачываюць і папраўляюць здароўе 30 навучэнцаў ва ўзросце 6-16 гадоў.

У дзень адкрыцця да дзяцей завітаў каларытны казачны персанаж – Лясун Кузьма, ролю якога выканала кіраўнік раённага валанцёрскага клуба “Мы побач”, метадыст Цэнтра Ірына Мішчанка. Вясёлы госць запрасіў удзельнікаў свята ў краіну гульняў і прыгодаў. Дырэктар летніка “Вектар” Кацярына Губко ўхваліла такое падарожжа і заклікала рабят быць актыўнымі, паабяцаўшы, што кожны дзень іх адпачынку стане багатым на новыя веды, сустрэчы, цікавыя мерапрыемствы. Мясцовыя атрады “Тусоўка” і ”Маналіт” з радасцю адгукнуліся на заклік дырэктара: рабятам і самім нецярпелася прадэманстраваць вітанні, якія яны падрыхтавалі да адкрыцця змены. Гэта былі песні, танцы і нават фокусы.

На гэтым дзеці не спыніліся, прыняць удзел у гульнях і вясёлых эатафетах іх прыспешваў Лясун Кузьма. Наведвальнікі летніка і іх выхавальнікі адгадвалі загадкі, выконвалі розныя заданні, танцавалі, згулялі ў “Святлафор” і “Марскі цэп”, а таксама прынялі законы, па якіх будзе жыць “Вектар” на працягу змены.

Напрыканцы свята кожны з дзяцей атрымаў падарунак з чароўнага куфэрка Кузьмы, а затым усе разам дзеці і дарослыя сфатаграфаваліся на памяць.

Ірына СТЫРНІК



Теги: