Свята пасёлка Казлоўшчына “Каб помнілі” (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

У гарадскім пасёлку Казлоўшчына прайшло свята да Дня вызвалення паселішча ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Казлоўшчына была вызвалена ў ліпені 1944 года, з таго часу мінула ўжо 75 гадоў.

Сёння ў Казлоўшчынскім сельсавеце жыве толькі адзін ветэран вайны. Гэта Фёдар Васільевіч Шалесны. Найперш яму былі адрасаваны пажаданні здароўя, аптымізму і доўгіх гадоў жыцця. А памяць усіх загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны жыхары пасёлка і госці свята ўшанавалі хвілінай маўчання. Як даніна памяці ахвярам ліхалецця былі ўскладзены букеты кветак і вянкі да помніка, што стаіць у цэнтры гарпасёлка.

Ужо 75 гадоў мы жывём пад мірным небам, увесь гэты час квітнее і прыгажэе пасёлак, а ўсё дзякуючы працавітым і шчырым людзям, якія тут жывуць. У Казлоўшчыне традыцыйна ў час свята ўшаноўваюць лепшых працаўнікоў. Старшыня Казлоўшчынскага сельсавета Вадзім Бялятка спачатку павіншаваў усіх землякоў са святам, падзякаваў тым, хто сваёй працай, сілай і талентам уносіў і ўносіць неацэнны ўклад у развіццё і дабрабыт пасёлка і сельскага савета ў цэлым. Пажадаў усім мірнага неба, моцнага здароўя, дабра, шчасця кожнай сям’і. Сертыфікаты аб занясенні на Дошку гонару Казлоўшчынскага сельвыканкама ён уручыў Раісе Сухоцкай, Леаніду Пузачу, Анатолю Самахвалу, Вячаславу Кучынскаму, Мікалаю Лішыку.

 

Жыхароў Казлоўшчыны і сваіх землякоў з такім важным для іх святам павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. За шматгадовую плённую працу Падзячныя пісьмы раённага Савета дэпутатаў уручыў Марыі Плаўскай, Людвігу Пякарскаму, Жанне Ёдчык, а таксама Падзячныя пісьмы раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыю Міскевічу, Іне Шундрык.

Ушанавалі ў гэты дзень і самага маленькага жыхара пасёлка – Цімура Дземідовіча; старажылу пасёлка Паліну Малаш, якая ў лістападзе адзначыць 95-годдзе; узгадалі і шматдзетныя сем’і, якіх у Казлоўшчыне чатырнаццаць; сямейную пару Мікалая Іванавіча і Марыі Пятроўны Нічыпаровіч, якія нядаўна адзначылі брыльянтавае вяселле. За захаванне народнай творчасці, майстэрства і талент падзякавалі народным умельцам пасёлка, а за нераўнадушша да ўсіх падзей, якія тут адбываюцца, і захаванне гісторыі ў фотаздымках – “пазаштатным карэспандэнтам пасёлка” Яўгену і Ларысе Горбач.

Святочным падарункам для жыхароў Казлоўшчыны стала выступленне народнага ансамбля песні і музыкі “Ятранка”, групы “Лас Вегас” з горада Мінска. Песні ваеннай тэматыкі, а таксама сучасныя пра Бацькаўшчыну, шчасце, каханне выконвалі Сяргей Малышчык, Аляксандр і Людміла Баклушыны, Ірына Бакшук. Выступленні былі прыхільна сустрэты гледачамі і суправаджаліся ўдзячнымі апладысментамі.

Да свята былі прымеркаваны выставы, якія размясціліся ў гарпасялковым скверы. Казлоўшчынская бібліятэка прапанавала экспазіцыю кніг да 75-годдзя вызвалення Беларусі і непасрэдна іх пасёлка, а таксама да 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці. Кожны жадаючы мог сфатаграфавацца ў фотазоне “Я люблю мой край”. Для самых цярплівых і ўседлівых праходзіў шахматны турнір паміж аматарамі гэтай гульні з Дзятлава, Казлоўшчыны і Слоніма.

Мясцовая пажарная служба прадэманстравала пажарную тэхніку і магчымасці пажаратушэння з дапамогай пены, што выклікала асаблівае захапленне ў дзятвы.

Для дарослых і дзяцей на працягу свята працавалі атракцыёны: батут, надзіманыя горкі, ціры, карусель; прадавалі марожанае, салодкую вату, папкорн. Дзеці з задавальненнем паўдзельнічалі ў фестывалі фарбаў “Колор фест”. Да позняга вечара Казлоўшчына частавалася, танцавала, адпачывала.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: