Стартавала жніво на гранітаўскіх палетках

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Традыцыйнае беларускае свята Зажынкі, якое азначае пачатак масавай уборкі збожжавых і зернебабовых культур, прайшло 2 ліпеня на палетках ААТ “Граніт-Агра”.

З бадзёрым і баявым настроем адсвяткавалі Зажынкі на адным з вядучых сельгаспрадпрыемстваў раёна, тым самым даўшы старт масаваму жніву на дзятлаўскай зямлі.

На святочным мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнік і вядучыя спецыялісты гаспадаркі, камбайнеры, вадзіцелі, работнікі збожжасушыльных комплексаў, работнікі Данілавіцкага сельвыканкама, святары праваслаўнага і каталіцкага духавенства.

Адкрылі свята першага снапа гаспадыні-вядучыя, якія павіншавалі працаўнікоў хлебнай нівы з пачаткам збору новага ўраджаю, пажадалі ўсім добрай і плённай працы, моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, зладжанасці ў рабоце, цёплых сонечных дзён і бадзёрага настрою.

З пачаткам уборачнай кампаніі павіншаваў работнікаў гаспадаркі кіраўнік ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур. Ён нагадаў, колькі рэсурсаў і намаганняў было ўкладзена на кожным з этапаў палявых работ і выказаў упэўненасць у тым, што калектыў, безумоўна, справіцца з пастаўленымі задачамі, а з’яднаная калектыўная праца  механізатараў і вадзіцеляў дапаможа выканаць гэтыя задачы своечасова.

Да працаўнікоў хлебнай нівы са словамі пажаданняў звярнуліся галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Антон Тарасевіч і галоўны інжынер Андрэй Падліпскі. Павіншавала з пачаткам жніва работнікаў ААТ “Граніт-Агра” і кіраўнік спраў Данілавіцкага сельвыканкама Галіна Дворык.

Права ўручыць каравай ураджаю мінулага года дырэктару ААТ “Граніт-Агра” Станіславу Мазуру было прадастаўлена галоўнаму аграному ААТ “Граніт-Агра” Антону Тарасевічу. Па ўжо гадамі існуючай традыцыі  гаспадару свята Станіславу Мазуру  ўручылі сноп, які ён імкнуўся падняць так высока, каб  усе паспелі загадаць некалькі жаданняў: каб жніво прайшло без страт, каб тэхніка не псавалася, каб Бог даў здароўе ўсім удзельнікам жніва.

У час святочнага мерапрыемства хлебам з мінулага ўраджаю частавалі і ўдзельнікаў свята.

Са словамі благаславення звярнуліся да працаўнікоў хлебнай нівы настаяцель Храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцыў Наваельні протаіерэй Валерый Мануйла і настаяцель касцёла Святых Анёлаў-Ахоўнікаў  у Раготне ксёндз Віктар Захарэўскі. Яны благаславілі вяскоўцаў на пачатак добрай справы і акрапілі святой вадой спецыялістаў гаспадаркі, камбайнераў, тэхніку і хлебныя нівы.

Штогод на жніўных палетках ААТ “Граніт-Агра” задзейнічаны дзясяткі адзінак тэхнікі, не адзін дзясятак экіпажаў і брыгад. Вось і сёлетняя падрыхтоўка да жніва прайшла без  перашкод: тэхніка ў руках дбайных гаспадароў своечасова выйшла на палеткі.

На камбайнах “Лексіён-580” задзейнічаны экіпажы Уладзіміра і Андрэя  Гукішаў, а таксама Дзмітрыя і Сяргея Жыхоў; на камбайне“Джон-Дзір-9640”  прыступіць да жніва экіпаж Уладзіміра і Івана Чарняўскіх, на камбайнах “КЗС-1218” запланавана праца адразу дзевяці экіпажаў: Аляксандра Майсейчыка і Андрэя Круталевіча, Аляксандра Ганчара і Аляксандра Мацкевіча, Аляксандра Кардаша і Аляксея Іванчыка, Паўла Богдана і Івана Бутэнкі, а таксама экіпажы Аляксея і Юрыя Лашкоўскіх, Андрэя Літвінскага і Аляксандра Паршука, Юрыя Буткевіча і Дзмітрыя Мазура, экіпаж двух Аляксандраў Сіневічаў, а таксама Алег Грыб і Андрэй Сёмуха.

На адвозе збожжа на “ГАЗ САЗ 3507” працуюць Сяргей Сарока, Яўген Хоміч, Рыгор Варанюк, Віталь Макарчук, Генадзь Ходар, Сямён Богдан, Віктар Тарас, Аляксей Варвашэвіч, на “МАЗах” задзейнічаны Андрэй Гулецкі, Аляксандр Бакей, Аляксандр Зайко, Валерый Крысанаў, Казімір Рысюк, Леанід Бутэнка, Пётр Горбач, Дзяніс Сёмуха.

На збожжасушыльным комплексе “М-819” у Круцілавічах працуюць Дзмітрый Сёмуха, Кірыл Болтач, Віктар Ляўшук, Аляксандр Мазюк. На збожжасушыльным комплексе “КЗСВ-30Г” – Андрэй Буча, Юрый Вараб’ёў, Аляксандр Галай, Яўген Літвінскі, на збожжасушыльным комплексе “М-819” у Таркачах задзейнічаны Дзмітрый Булойчык і Андрэй Варанюк.

Для працаўнікоў жніва з сольнымі і дуэтнымі кампазіцыямі выступілі юныя артысты дзіцячага гуртка сольных песень “Званочкі”, гумарыстычнымі песнямі аднавяскоўцаў радавалі  артысты ансамбля народнай песні “Суседачкі” Данілавіцкага дома культуры.

Ледзь адгучалі апошнія словы пажаданняў і вясёлых песень, як загрукаталі магутныя маторы збожжаўборачных машын.

Дырэктару ААТ “Граніт-Агра” Станіславу Мазуру, як гаспадару свята, надалося права адправіць першыя камбайны ў поле.

Зажынкі – гэта не проста прыгожае славянскае свята, якое сваімі каранямі адыходзіць у глыб стагоддзяў, гэта свайго роду стартавая пляцоўка перад важкай працай па атрыманні караваяновага ўраджаю. Свята прайшло ў цёплай атмасферы, весела і бадзёра, з танцамі, спевамі і добрымі пажаданнямі на добрае жніво. Нездарма ў народзе кажуць: “Якімі былі Зажынкі, такім будзе і ўраджай”.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ