Што ў ЗАГСе робяць?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Для навучэнцаў старэйшых класаў СШ № 3 горада Дзятлава экскурсію па аддзеле ЗАГС правяла яго начальнік Вольга Бародзіч.

У зале для ўрачыстай рэгістрацыі заключэння шлюбу наведвальнікаў сустрэлі пад марш Мендэльсона. Вольга Вацлаваўна расказала, што іх установа заўсёды асацыіруецца з прыгожай карцінкай: гэта нявеста і жаніх, шампанскае, кветкі. Але шмат работы аддзела ЗАГС застаецца за кадрам. Дзецям цікава было паслухаць, што ЗАГС – гэта інстанцыя, з якой на працягу жыцця сутыкаецца кожны чалавек. Тут фіксуецца ўсё: ад першага лісточка сямейнай біяграфіі да апошняга. Усяго ў нашай краіне амаль 150 аддзелаў ЗАГС, дзе выконваюцца 14 адміністрацыйных працэдур. Дзеці былі вельмі здзіўленыя, бо лічылі, што ў ЗАГСе рэгіструюцца толькі шлюбы.

Зацікавіла дзяцей і статыстыка: колькі нараджаецца ў раёне хлопчыкаў і дзяўчынак, якія імёны самыя папулярныя і самыя рэдкія. Аказалася, што за апошнія дзесяць гадоў самае папулярнае імя для хлопчыкаў – Максім, для дзяўчынак – Дар’я. Сярэдні ўзрост нашых жаніхоў – 28 гадоў, нявест – 25 гадоў. Хлопчыкі нават пажартавалі, што ў іх яшчэ ёсць шмат вольнага часу.

Наведвальнікі ўстановы спыталі ў Вольгі Бародзіч, ці можна змяніць прозвішча, імя, імя па бацьку. Аказваецца, што немілагучнае прозвішча можна памяняць самому, нават без дазволу бацькоў, ужо з 16-гадовага ўзросту.

Затым дзецям выдалі пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з пазнакай “жаніх” або “нявеста”, сапраўдныя толькі адзін дзень для прыёму ў аддзеле ЗАГС. Выбралі тры пары добраахвотнікаў, і яны пайшлі спрабаваць падаваць заявы на рэгістрацыю заключэння шлюбу. Гэта іх вельмі ажывіла і развесяліла.

Экскурсія спадабалася ўсім дзецям, яны адзначылі, што даведаліся шмат новага.

Святлана ГРЫШЫНА



Теги: