Падмануў – будзеш пакараны

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Попыт спажыўцоў у таварах і паслугах задавальняюць гандлёвыя прадпрыемствы і выканаўцы работ і паслуг.

Да відаў падману можна аднесці: абмерванне, абважванне, аблік, перавышэнне ўстаноўленых коштаў, продаж тавару больш нізкага гатунку па цане больш высокага гатунку, завышэнне колькасці зрасходаваных матэрыялаў.

Пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні аб падмане спажыўцоў маюць права складаць упаўнаважаныя службовыя асобы органаў унутраных спраў, органаў Міністэрства гандлю, упраўленняў (аддзелаў) гандлю і паслуг мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, органаў Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь.

Пры наяўнасці віны адміністрацыйная адказнасць за падман спажыўцоў караецца штрафам ад 2 да 25 базавых велічынь з пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.

Калі падман спажыўцоў будзе ўчынены на працягу года пасля накладання штрафу, то надыходзіць крымінальная адказнасць і прадугледжаны штраф або пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, або папраўчыя работы да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне свабоды да двух гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.

Калі падман спажыўцоў учынены групай асобаў па папярэднім згаворы, або асобай, раней судзімай за падман спажыўцоў, або ў буйным памеры, то гэта караецца штрафам, або абмежаваннем свабоды да трох гадоў, або пазбаўленнем свабоды на той жа тэрмін з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.

Падманам спажыўцоў у значным памеры прызнаецца падман, памер нажывы ад якога перавышае палову памеру базавай велічыні на дзень здзяйснення злачынства, у буйным памеры – у пяць і больш разоў перавышае памер такой базавай велічыні.

Галіна ПРЭДКА,

загадчыца юрыдычнай кансультацыі Дзятлаўскага раёна