Па пакупкі – у “Сударыню”, адпачыць – у “Летні дворык”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Мінаючы скрыжаванне вуліц Кірава і Чапаева ў Дзятлаве, заўсёды прыемна зайсці ў прыватны харчовы магазін з гучнай назвай “Сударыня”.

Гэты гандлёвы аб’ект прываблівае пакупнікоў не толькі багатым выбарам тавараў, але і ветлівасцю персаналу, чысцінёй, дагледжанасцю.

Напярэдадні Дня работнікаў гандлю ёсць нагода мэтанакіравана наведаць “Сударыню”, пацікавіцца, што новага з’явілася тут за апошні час, даведацца пра поспехі бізнэсу, пачуць водгукі пакупнікоў.

Андрэй Турэвіч, дырэктар ТАА “СударыняТорг”:

– Працуем паспяхова, стараемся для нашых пакупнікоў, імкнёмся, каб у “Сударыні” пастаянна быў багаты асартымент, каб усе пажаданні наведвальнікаў выконваліся з высокай якасцю. Каб людзям было зручней, перайшлі на летні графік работы: з 1 мая па 1 кастрычніка магазін “Сударыня” працуе з 7. 30 да 23 гадзін. Павялічыўся наш калектыў, што звязана з адкрыццём яшчэ аднаго сезоннага кафэ “Летні дворык”. Яно знаходзіцца на плошчы 17 Верасня, 5/а (на падворку “Дзядзі Вані”). Тут прадстаўлены шырокі асартымент прадукцыі сезоннага характару, каб жыхары райцэнтра мелі магчымасць прыйсці, пасядзець, прыемна правесці час. Калі работа нашых летніх кафэ ў Дзятлаве будзе адладжана і дасць плён, падумаем аб адкрыцці яшчэ аднаго такога аб’екта на раёне. Радуе, што дзяржавай шмат зроблена для спрашчэння вядзення малога бізнэсу ў рэгіёнах, але лёгкай работы не бывае, працаваць трэба з душой. Толькі прыкладаючы намаганні, атрымліваеш вынік. Мы, напрыклад, працуем стабільна, быў перыяд, калі ў паўнанні з мінулым годам адзначаўся рост продажаў. У бліжэйшых планах – развівацца далей. Ад мясцовай выканаўчай улады ўжо атрымалі дазвол на рэканструкцыю магазіна “Сударыня”, рыхтуем каштарысную дакументацыю, будзем павялічваць наш гандлёвы аб’ект. Лічу, каб дасягнуць большага, трэба старанна працаваць, прыслухоўвацца да пажаданняў людзей, а добрыя водгукі пакупнікоў – гарант нашага поспеху і заслуга ўсіх работнікаў магазіна.

Святлана Антончык, загадчыца магазіна “Сударыня”:

– У першую чаргу, наш калектыў думае аб пакупніках: забяспечваем багаты асартымент тавараў, клапоцімся, каб на паліцы магазіна траплялі толькі свежыя прадукты, а вакол панавалі чысціня і парадак. У нас даволі прывабныя цэны. Намаганні калектыву ацэнены пакупнікамі: іх у магазіне бывае да тысячы і больш чалавек за дзень. Прымаем заяўкі і ад тых, хто рыхтуецца да вяселляў, сямейных урачыстасцяў, фарміруем салодкія навагоднія падарункі для арганізацый, дзіцячых садкоў, адпускаем тавары за безнаяўнае пералічэнне. Пастаянна трымаем на кантролі якасць абслугоўвання, імкнёмся, каб нашы кліенты пакідалі магазін задаволенымі. Калектыў у нас надзейны, правераны часам. Сярод вопытных прадаўцоў Іна Лявончык, Святлана Нядбайлік, Наталля Нікіпорчык. Людзей у “Сударыню” прывабліве і культура абслугоўвання, і шырокі выбар тавараў: толькі мясных вырабаў у нас дзясяткі найменняў, багатая разнастайнасць малочнай прадукцыі, садавіны, агародніны. Дэвіз нашага магазіна: прыйшоў, убачыў, набыў.

Сваімі ўражаннямі падзяліліся пастаянныя пакупнікі магазіна “Сударыня” і летніх кафэ.

Ядвіга Бурэц:

– З часоў адкрыцця “Сударыні” я тут пастаянная кліентка. Падабаецца шырокі асартымент, асабліва мясной прадукцыі. Усё тут свежае, смачнае. Менавіта ў “Сударыне” люблю набываць фарш. За візіт, у залежнасці ад патрэбаў, трачу 5-20 рублёў. Мне вельмі падабаецца дырэктар магазіна Андрэй Канстанцінавіч, ён добры, уважлівы чалавек, што неаднаразова даказваў сваімі адносінамі да людзей. Напрыклад, калі мае суседзі набывалі прадукты на пахаванне, зрабіў для іх скідку. Пакупнікоў у “Сударыне” заўсёды шмат, бо стаіць яна ў зручным месцы. Тут ветлівыя, добрыя прадаўцы. Летам побач з магазінам працуе кафэ з багатым выбарам марожанага. На выхадных да мяне прыязджалі сын, нявестка і ўнукі, мы тут з задавальненем пасядзелі вечарам, пачаставаліся. Графік работы ў “Сударыни” вельмі зручны для пакупнікоў, такога, здаецца, няма ні ў адным харчовым магазіне райцэнтра. Напярэдадні свята я жадаю калектыву магазіна плённай работы, добрага гандлю, моцнага здароўя, працвітання.

Ганна Вянско:

– “Сударыня” мне вельмі падабаецца, я яе пастаянны пакупнік з дня адкрыцця. Тут ёсць усё, што неабходна гаспадыні: ад салодкага да крупаў. Такіх харчовых магазінаў крокавай даступнасці, дзе можна набыць усё, што запланаваў, мала. Прывабліваюць шырокі выбар каўбасных вырабаў, пастаянна свежыя і смачныя садавіна і агародніна, толькі тут я набываю выпечку. Увогуле, заўважыла, што можна зайсці ў “Сударыню” і вярнуцца дамоў з поўным наборам прадуктаў. Магазін працуе з самай раніцы да позняга вечара без перапынку на абед, што вельмі зручна для насельніцтва. Напрыклад, мы з калегамі маем магчымасць забегчы сюды да пачатку працоўнага дня, у абедзены перапынак або вечарам па дарозе дахаты. Добрыя словы варта сказаць і аб прадаўцах – яны ветлівыя і ўважлівыя, заўсёды падкажуць, калі вагаешся, што набыць. Да Дня работнікаў гандлю жадаю калектыву “Сударыні” добразычлівых і ветлівых пакупнікоў, поспехаў у рабоце.

Марына Бандарка:

– Пасля адкрыцця я аблюбавала новае сезоннае кафэ “Летні дворык” ТАА “СударыняТорг”. Яно пачало працаваць у ліпені гэтага года, але сюды ўжо прыходзіць нямала людзей – усе столікі па вечарах занятыя. У “Летнім дворыку” вельмі ўтульна, ёсць камфортныя альтанкі, дзе можна пасядзець кампаніяй, гучыць музыка, жадаючыя нават танцуюць. Некалькі разоў сустракала тут жыхароў Дубая, якія адпачываюць на “Радоне”. Мяркую, што наведвальнікаў прываблівае шырокі выбар марожанага, прахаладжальныя напіткі, магчымасць заказаць піцу. У кафэ зручны графік: з 11 да 23 гадзін, значыць, можна пасядзець тут і ў абедзенны перапынак. Надвор’е пры гэтым не перашкода: наведвальнікаў абараняюць ад дажджу парасоны над столікамі і крытыя альтанкі. А ветлівы персанал заўсёды падкажа, што можна заказаць. Да свята жадаю калектыву ТАА “СударыняТорг” цярпення, поспехаў ва ўсіх пачынаннях і пабольш наведвальнікаў.

Ірына КАЎКЕЛЬ