Каханне, мацнейшае за брыльянт

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца рэалізацыя праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

На гэты раз творчы калектыў сектара завітаў у вёску Яблынька да Антона Канстанцінавіча і Марыі Канстанцінаўны Варганоў, якія ў ліпені 2019 года адзначаюць 60-годдзе сумеснага жыцця.

На брыльянтавае вяселле да дарагіх юбіляраў з’ехаліся дзеці, унукі, праўнукі, прыйшлі сябры і суседзі. У дзень свята для іх гучалі віншаванні, пажаданні доўгіх гадоў жыцця і сямейнага дабрабыту, а таксама лепшыя песні мінулых гадоў ад Ганны Харлінскай, Ірыны Бакшук, Васіля Шпігановіча.

Брыльянтавыя юбіляры – шчырыя працаўнікі. Многія гады свайго жыцця яны аддалі рабоце: Антон Канстанцінавіч быў трактарыстам у некалькіх арганізацыях і калгасе, Марыя Канстанцінаўна працавала ў сельскай гаспадарцы. На іх жыццёвым шляху сустракаліся радасці і іспыты, але гэта не знішчыла сапраўднага кахання, якое і цяпер пануе ў сям’і, а таму родным і блізкім заўсёды цёпла і гасцінна ў бацькоўскім доме, які, дарэчы, Антон і Марыя пабудавалі самі.

У наш час, калі разводамі нікога не здзівіш, прыклад сям’і Варганоў усяляе ўпэўненасць у інстытут шлюбу, вучыць маладых цярпенню і клопату. А шасцідзесяцігадовы юбілей сямейнага жыцця нездарма названы брыльянтавым: каб пражыць столькі гадоў разам, пачуцці павінны стаць такімі ж прыгожымі і моцнымі, як каштоўны камень брыльянт.

Ірына СТЫРНІК