Каб не стаць ахвярай махляроў

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

На Гродзеншчыне адзначаецца зніжэнне колькасці ўчыненых махлярстваў, але грамадзянам варта заставацца пільнымі.

Існуе некалькі распаўсюджаных схемаў падману. Зламыснікі могуць папрасіць аформіць крэдыт для пакупкі ў магазіне мэблі, бытавой тэхнікі, мабільнага тэлефона, які не збіраюцца вяртаць. Прадставіўшыся работнікамі фірмы, яны прапаноўваюць праверыць вокны ці ўстанавіць фільтр для ачысткі вады, заклікаюць прыйсці на паказ тавару па зніжаных цэнах, абмяняць “старыя” грошы на “новыя”.

Нярэдка махлярствы ўчыненяюцца з дапамогай тэлефона. Напрыклад, вам могуць патэлефанаваць і паведаміць, што сваяк трапіў у бяду. Такія зламыснікі прадстаўляюцца роднымі або супрацоўнікамі праваахоўных органаў, паведамляюць лжывую інфармацыю аб учыненні сваяком цяжкага крымінальнага злачынства, прапаноўваюць за грошы пазбавіць яго ад адказнасці.

Схема “вы выйгралі прыз” рэалізуецца праз рассылку ілжывых SMS-паведамленняў. Грамадзянам пішуць, што іх абаненцкі нумар выйграў каштоўны прыз (аўтамабіль, дарагую бытавую ці электронную тэхніку, зрэдку – грошы). Каб атрымаць яго, неабходна аплаціць значны задатак (падатак, дастаўку), выслаўшы грошы на пазначаны рахунак.

Старым людзям махляры могуць паведаміць, што пенсіянеры маюць права на зніжкі ці кампенсацыю пры пакупцы розных лекаў і апаратаў, рэалізуемых пад выглядам медыцынскіх, а таксама бытавых прыбораў. На самой справе пакупка абыдзецца падманутаму значна даражэй, чым у магазіне, і можа аказацца сумніўнай якасці.

Трапіць на вуду махляроў можна пры набыцці аўтамабіля праз інтэрнэт. Невядомыя асобы размяшчаюць на афіцыйных сайтах аб’явы аб продажы машыны па заніжанай цане, тлумачаць прычыну такой “зніжкі”, даюць апісанне аўтамабіля, кантактны нумар. У час размовы з ахвярай агаворваюць умовы разліку за аўтамабіль і просяць абавязковую перадаплату, якую трэба перавесці на разліковы рахунак. Пасля атрымання грошай прадавец знікае.

Махлярствы ўчыняюцца з-за няўважлівасці, недасведчанасці, нявопытнасці пацярпелых. Каб не стаць ахвярай ашуканцаў, трэба памятаць простыя правілы:

– у прадстаўнікоў фірмаў патрабуйце рэквізіты арганізацыі і кантактныя нумары, толькі затым прымайце рашэнне, ці варта набываць тавар, заключаць дагавор, карыстацца паслугай;

– заўсёды правярайце інфармацыю, атрыманую па тэлефоне ад незнаёмых супрацоўнікаў сацыяльных службаў, іншых органаў, а таксама людзей, якія прадстаўляюцца сваякамі ці сябрамі;

– не спяшайцеся выконваць інструкцыі невядомых, атрыманыя па тэлефоне ці СМС-паведамленнем, асабліва калі патрабуюць маніпуляцый з банкаўскай картай. Не называйце незнаёмцам свае імя і прозвішча, даныя пашпарта, іншыя асабістыя звесткі;

– калі прапаноўваюць залатыя вырабы, бытавую тэхніку, іншыя дарагія рэчы па мінімальнай цане або пакідаюць іх у якасці залогу, не саромейцеся тэлефанаваць сваякам, клікаць суседзяў, знаёмых, якія дапамогуць ацаніць рэальны кошт тавару. Такім жа чынам дзейнічайце, калі прапаноўваюць зняць сурокі.

Калі сталі ахвярай махлярства, тэрмінова телефануйце па нумары 102. Своечасовы сігнал дапаможа праваахоўнікам хутчэй адшукаць зламыснікаў і прадухіліць новыя злачынствы.

Упраўленне аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Гродзенскага аблвыканкама